Пошук

21.10.2020 11:06   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Piotr Molęcki / EAST NEWS

Дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі Дам’ян Мускус OFM пракаментаваў рост колькасці заражэнняў каранавіруснай інфекцыяй сярод біскупаў і святароў у Польшчы.

Як 20 кастрычніка паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, іерарх задае пытанне, ці варта арганізоўваць касцёльныя сустрэчы і ўрачыстасці з удзелам вялікай колькасці духоўных асоб, якія заражаюцца інфекцыяй.

«Людзі маюць права быць упэўненымі ў тым, што пастыры робяць усё для таго, каб ім было камфортна ўдзельнічаць у літургіі, і каб гарантаваць іх бяспеку», — напісаў біскуп Дам’ян Мускус у сацыяльных сетках. Пры гэтым ён падкрэсліў, што хвароба не выбірае і пагроза датычыцца ўсіх.

«Вірус не пытаецца пра сакрамэнт пасвячэння, але шукае магчымасці, і мы, на жаль, самі часта іх ствараем», — піша іерарх.

Ён таксама адзначае, што заражэнне духоўнай асобы — біскупа ці святара — гэта не толькі яго асабістая справа.

«Пакутуе ён сам, але пакутуе і супольнасць, якой ён служыць. Вядома, і біскуп, і святар нясе служэнне сярод людзей. Ён выходзіць да іх, мае з імі блізкі кантакт, удзяляе сакрамэнты», — заўважае дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі і падкрэслівае: «Людзі маюць права быць упэўненымі ў тым, што пастыры робяць усё для таго, каб ім было камфортна ўдзельнічаць у літургіі, і каб гарантаваць іх бяспеку. Гэтага нельга дасягнуць там, дзе ёсць неарганізаванасць і легкаважны падыход да рэальных пагроз, дзе не хапае спачування і адказнасці», — дадае ён.

Біскуп Дам’ян Мускус зазначае, што, хоць дзеючыя ў Польшчы правілы вызваляюць тых, хто здзяйсняе культавыя дзеянні, ад выкарыстання ахоўнай маскі, аднак разважлівасць і клопат пра бліжняга схіляюць да таго, каб ёй карысталіся прынамсі канцэлебранты, якія падчас Імшы выконваюць менш дзеянняў.

На думку іерарха, ва ўмовах новай хвалі каранавіруснай інфекцыі варта абмежаваць кантакты паміж духавенствам падчас рэлігійных абрадаў.

«Пытанне ў тым, ці разумна наогул арганізоўваць касцёльныя сустрэчы і ўрачыстасці з вялікай колькасцю духавенства», — дадае ён. Паводле яго, гэтае пытанне трэба задаваць «у імя клопату пра ўласнае здароўе, але перш за ўсё ў духу адказнасці за дабро і бяспеку людзей, якія нам давяраюць».

Нагадаем, што на мінулым тыдні Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла Пастанову, абавязаўшы святароў, якія ўдзяляюць cвятую Камунію, а таксама цэлебруюць іншыя сакрамэнты, знаходзячыся ў непасрэднай блізкасці да вернікаў, карыстацца ахоўнымі маскамі і праводзіць дэзіфекцыю рук. Акрамя таго, каталіцкія біскупы Беларусі вырашылі, што пробашчы парафій, настаяцелі іншых структур Каталіцкага Касцёла, законных супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі павінны разважліва і адказна падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных і катэхетычных сустрэч, а таксама іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання мэтазгоднасці іх правядзення падчас эпідэміі і з улікам магчымасці іх адмены або пераносу на пазнейшы час.

Абноўлена 21.10.2020 11:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця