Пошук

20.10.2020 11:53   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Браціслава. Касцёл Маці Божай Снежнай, або «касцёл без вежы». Фота: commons.wikimedia.org

У сталіцы Славакіі Браціславе будзе адбудавана вежа касцёла Маці Божай Снежнай, разбураная падчас панавання ў краіне камуністычнага рэжыму.

Як са спасылкай на славацкія СМІ 19 кастрычніка паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, рэстаўрацыяй помніка сакральнай архітэктуры займаецца камітэт пад кіраўніцтвам былога еўракамісара і славацкага міністра Яна Фігеля у супрацоўніцтве з Браціслаўскай архідыяцэзіяй і ордэнам дамініканаў.

50-метровая вежа святыні на Кальварыйскім узгорку ў паўночнай частцы Старога горада «калола вока» прасавецкім уладам краіны, і ў 50-я гады мінулага стагоддзя яе спачатку часткова разабралі, а потым канчаткова разбурылі.

Гісторыя святыні, якую ў народзе называюць «касцёлам без вежы», пачынаецца ў XVIII стагоддзі. Падчас заразы, што шалела ў 1712 годзе, жыхар Браціславы Ян Лаўэрман даў зарок пабудаваць капліцу ў гонар Маці Божай за ацаленне яго сям’і. Фундаваная ім каменная копія фігуры Багародзіцы з аўстрыйскага санктуарыя ў Марыяцэлі цяпер знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла.

У 1824 годзе з увагі на вялікую колькасць пілігрымаў, якія сюды прыбывалі з розных мясцін, замест капліцы быў пабудаваны касцёл.

Выява: webumenia.sk

Патрэба ў новай, большай святыні ўзнікла ў сувязі з інтэнсіўнай забудовай тэрыторыі вакол цяперашняга цэнтральнага вакзала Браціславы, і невялікі касцёл Маці Божай Снежнай стаў цэнтрам новай парафіі, якой апекаваліся айцы францішкане.

Будаўніцтва было распачата падчас Другой сусветнай вайны ў 1943 годзе, а завяршылася толькі пасля яе заканчэння ў 1948 годзе, калі да ўлады ўжо прыйшлі камуністы. Паколькі ў той час яшчэ вяліся будаўнічыя працы ўсярэдзіне касцёла, замест асвячэння адбылося толькі благаслаўленне святыні.

Падсветленая ў цемры касцёльная вежа, якая павінна была стаць новай архітэктурнай дамінантай сталіцы Славакіі, «калола вочы» новаму рэжыму.

Выява: postoj.sk

Калі непадалёк ад Кальварыйскага ўзгорку быў пастаўлены помнік палеглым падчас вызвалення Браціславы ад нацыстаў савецкім жаўнерам, 50-метровую касцёльную вежу як «канкурэнтку» часткова разабралі, а ў 1959 годзе цалкам разбурылі.

Пасля «Аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года парафія была аддадзена пад апеку айцам дамініканам, але дамоўленасць паміж дзяржавай і Касцёлам адносна перадачы ўсяго комплексу адкладалася з-за недахопу грошай.

Толькі ў сярэдзіне верасня гэтага года арцыбіскуп Браціслаўскі Станіслаў Зваленскі здзейсніў асвячэнне касцёла.

Фота: iMHD

Як сказаў журналістам Ян Фігель, адзінае, што засталося дарабіць, — гэта адбудаваць вежу святыні.

«На званіцу і платформу будзе ўсталяваны ліфт.

Гэта адначасова стане сімвалам узнясення да Марыі і да крыжа, таму што на вяршыні будзе змешчана фігура Маці Божай Балеснай, Апякункі Славакіі», — дадаў кіраўнік камітэту па адбудове вежы касцёла ў Браціславе.

Абноўлена 20.10.2020 15:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця