Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas у розных краінах свету аказвае неацэнную дапамогу ў перадоленні пандэміі COVID-19.
2 кастрычніка Caritas Індыя і мясцовая Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў атрымалі ўзнагароду міністэрства аховы здароўя як лепшыя недзяржаўныя арганізацыі, якія аказваюць дапамогу ў перадоленні пандэміі каранавірусу.
«Арганізацыйная сіла Касцёла як гуманітарнага калектыву дапамагла нам аб’яднаць сілы і дасягнуць кожнага кутка Індыі пры неверагоднай падтрымцы католікаў. Я прысвячаю гэтую ўзнагароду ўсім нашым дзеячам, супрацоўнікам службы аховы здароўя і валанцёрам у розных частках краіны», — сказаў пасля атрымання ўзнагароды дырэктар Caritas Індыя кс. Пол Мунджэлай.
Падчас пандэміі COVID-19 індыйская арганізацыя Caritas праявіла салідарнасць з найбольш безабароннымі маргінальнымі сацыяльнымі групамі і аказала ім неабходную дапамогу.
У складанай эпідэміялагічнай сітуацыі актыўна дзейнічае таксама Caritas Аргенціна.
У гэтай лацінаамерыканскай краіне дабрачыннае каталіцкае таварыства аказвае дапамогу 2,5 млн чалавек, што ўдвая больш, чым да пандэміі. Арганізацыя займаецца забеспячэннем насельніцтва прадуктамі харчавання і неабходнымі сродкамі гігіены.
Акрамя матэрыяльнай дапамогі, Caritas аказвае таксама чалавечую і духоўную падтрымку падчас працяглага перыяду ізаляцыі і захавання сацыяльнай дыстанцыі ад іншых людзей, што вядзе да сур’ёзных псіхалагічных і эканамічных наступстваў. Пераадольваць іх дапамагае Caritas. Як адзначыў каардынатар па справах структурнага развіцця арганізацыі Хуан Пабло Гасмэ, з пачаткам звязанага з пандэміяй крызісу Caritas Аргенціна дзейнічае ў трох асноўных кірунках: забеспячэнне прадуктамі харчавання праз сетку сталовак і апеку над бяздомнымі, медыцынская дапамога і матэрыяльная падтрымка хатняй гаспадаркі.
Сусветная канфедэрацыя Caritas аб’ядноўвае больш за 160 арганізацый, якія дзейнічаюць у амаль 200 краінах, у тым ліку і ў Беларусі, што робіць гэтае дабрачыннае каталіцкае таварыства другой па велічыні гуманітарнай арганізацыяй у свеце.