Пошук

05.10.2020 15:38   Паводле: Ria.ru / Падрыхтавала: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота Вольгі Хруль / РИА Новости

4 кастрычніка ў Маскве прыняў біскупскае пасвячэнне айцец францішканін Мікалай Дубінін. Ён стаў адзіным у свеце рускім каталіцкім біскупам.

У інтэрв’ю РИА Новости іерарх між іншым распавёў, як прыйшоў да каталіцтва, што думае пра ранейшыя абвінавачванні католікаў у празелітызме і як складваюцца іх адносіны з праваслаўнымі сёння, а таксама якія галоўныя выклікі стаяць перад Касцёлам.

Францішканін паходзіць з Новашахцінска Растоўскай вобласці, быў прызначаны дапаможным біскупам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве ў канцы ліпеня.

У інтэрв'ю ён падзяліўся, што тое, што гэтага часу ў Касцёле ў Расіі былі толькі іншаземныя біскупы — «не зусім так, бо ў дарэвалюцыйнай гісторыі і падчас пераследу Каталіцкага Касцёла ў ХХ стагоддзі сярод біскупаў былі ўраджэнцы Расіі». Яны, як дадаў ён, «не былі рускімі», бо «зразумелы нацыянальны склад тагачаснага Каталіцкага Касцёла», але «былі ўраджэнцамі Расіі».

«Першыя два біскупы, якія былі пастаўлены на чале нашага Касцёла, які адраджаўся, у 1991 годзе, — ураджэнцы рэспублік былога СССР.

Спатрэбілася амаль 30 гадоў, каб у нашым мясцовым Касцёле сярод карэнных расіян выраслі людзі, якія сталі на шлях святарскага служэння, сярод якіх можна было б абраць і мясцовага біскупа»,

— адзначыў іерарх.

Узгадваючы пра тое, як ён прыйшоў да каталіцтва, бо для карэннага насельніцтва Расіі больш традыцыйнае праваслаўе, і чаму ўступіў менавіта ў ордэн францішканаў, ён распавёў:

«Я са змяшанай у рэлігійным сэнсе сям'і, па лініі бацькі ў маёй радні праваслаўныя, па лініі маці — католікі. (…) Я адчуў, што маё месца, мая харызма, маё пакліканне — у ордэне францішканаў, і час паказвае, што не памыліўся».

Разважаючы над тым, якія галоўныя праблемы, на яго думку, стаяць сёння перад каталіцкай супольнасцю ў Расіі, біскуп адзначыў:

«Я не думаю, што варта казаць пра якіясьці вялікія праблемы Каталіцкага Касцёла, таму што мы стараемся жыць у евангельскім ключы, а не ў ключы праблем, барацьбы і яшчэ чагосьці падобнага. Таму, хутчэй, я б казаў пра выклікі для нашага Касцёла.

Галоўны выклік, яго пастаянна агучвае Папа Францішак, — гэта абвяшчэнне свету радасці Евангелля, радасці хрысціянскага жыцця, хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія нясуць дабро для ўсяго чалавецтва.

Нейкіх іншых вялікіх праблем я не магу назваць (…) Задача хрысціянства ў любы час — гэта асвячэнне грамадства, і мы працягваем гэтую місію».

«Таму выклік для Каталіцкага Касцёла ў Расіі — будучы параўнальна нешматлікай супольнасцю, уносіць свой пазітыўны і стваральны ўклад у жыццё грамадства, быць яго інтэгральнай часткай. «Паспяшаемся чыніць дабро» — так гучыць мой біскупскі дэвіз, і гэта я лічу рэальным заклікам для нашага Касцёла», — дадаў іерарх.

Адказваючы на пытанне, наколькі востра для Каталіцкага Касцёла сёння стаіць пытанне перагляду нормаў і каштоўнасцяў, якія існавалі на працягу стагоддзяў, ён сказаў: «Пэўнае абнаўленне і перагляд існуючых нормаў ажыццяўляецца практычна пастаянна, але не на ўзроўні асобных дыяцэзій. І ўсё, што можа пераглядацца, — гэта тое, што ўстаноўлена людзьмі, але не тое, што ўстаноўлена Богам».

Біскуп адказаў і на пытанне, ці адышлі ў мінулае прычыны для абвінавачванняў у празелітызме, якія некалі гучалі ў адрас Каталіцкага Касцёла:

«Я лічу, што асаблівых падставаў для абвінавачванняў у празелітызме католікаў у Расіі ў складаны перыяд 90-х гадоў мінулага стагоддзя, на самой справе, не было.

Зараз, думаю, таксама сур'ёзных падставаў для падобных абвінавачванняў ні ў каго няма. Трэба правільна разумець, што такое «празелітызм»: няправеднае прыцягванне, пераманьванне вернікаў — падманам, за грошы і гэтак далей. Нічога падобнага ў нашым Касцёле не было, няма і, я спадзяюся, што і не будзе. У нас не было і няма намеру «акаталічыць Расію»».

Іерарх дадаў, што з моманту абвяшчэння яго прызначэння ўжо казаў у шэрагу інтэрв'ю, што «з'яўляецца прынцыпам касцёльнага жыцця і наогул місіі Касцёла: ён адкрыты для ўсіх людзей».

Кажучы пра ўзровень дыялогу Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы, біскуп адзначыў, што адносіны паміж імі «зараз дастаткова плённыя і добрыя», «нейкіх вострых канфліктаў і супрацьстаянняў» няма.

Абноўлена 05.10.2020 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.