Пошук

29.09.2020 16:38   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Помнік Мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму ў Львове. Фота: tvoemisto.tv

З 26 па 30 верасня ў Уніўскай Свята-Успенскай Лаўры на Львоўшчыне (Украіна) праходзіць анлайн-канферэнцыя «Шаптыцкі–155», прысвечаная 155-годдзю з дня нараджэння грэка-каталіцкага Мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, са словам да ўдзельнікаў звярнуўся кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук. Іерарх адзначыў, што Слуга Божы Андрэй Шаптыцкі быў вялікім патрыётам у часы Другой сусветнай вайны і меў смеласць выступіць супраць нацысцкіх расавых тэорый, кажучы, што ўсе мы з’яўляемся нашчадкамі Адама і Евы.

Ва ўступе арцыбіскуп Шаўчук заўважыў, што яго папярэднік на чале Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы даў прыклад разумення іншай, адрознай культуры і рэлігійнай традыцыі.

«У гады страшнай трагедыі габрэйскага народа ён працягнуў яму руку дапамогі, нягледзячы на смяротную пагрозу і небяспеку», — падкрэсліў украінскі іерарх.

Паводле яго, Мітрапаліт Шаптыцкі рабіў так таму, што яго разуменне любові да бліжняга не дазваляла яму паступіць інакш.

Арцыбіскуп Шаўчук звярнуў увагу на тое, што падчас служэння на пасадзе кіраўніка УГКЦ Андрэй Шаптыцкі пашырыў яе дзейнасць на іншыя краіны і кантыненты, паколькі ў сувязі са складанай эканамічнай і палітычнай сітуацыяй многія ўкраінскія грэка-католікі былі прымушаны эміграваць. У гэтых складаных умовах Мітрапаліт адстойваў права вернікаў мець сваіх святароў і іерархію, нагадаў арцыбіскуп Шаўчук. Ён дадаў, што ўжо больш за сто гадоў украінская іерархія за мяжой апякуецца суайчыннікамі і духоўна дапамагае ім зберагаць сваю культуру, мову і нацыянальную самасвядомасць.

«Гэта таксама было жаданнем Мітрапаліта», — падкрэсліў прамоўца.

Як заўважыў ён, Слуга Божы лічыў, што Украінская Грэка-Каталіцкая Царква павінна прысвячаць шмат увагі справам асветніцтва, культуры і навукі, прычым не толькі з-за таго, што гэта было асабліва актуальным у той час.

«Гэта былі выключна важныя праявы велічы і высакароднасці духу народа, яго асаблівага ўспрымання і адчування прыгажосці, дабра і праўды, якія вызначаюць усе іншыя кірункі дзейнасці, напрыклад, эканамічную ці палітычную», — растлумачыў кіраўнік УГКЦ.

На яго думку, з цягам часу ўсё лепш відаць крыніцу мудрасці і велічы Мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, якою было яго святое жыццё. Менавіта яго духоўнасць і аскеза, а таксама глыбокая асабістая сувязь з Богам у Святым Духу ўзнялі яго да вяршыняў хрысціянскай містыкі, былі рухаючай сілай, пачаткам і канчатковай мэтай кожнага вымярэння яго дзейнасці і служэння,  падкрэсліў арцыбіскуп Шаўчук. Іерарх сцвердзіў, што кожны украінец, незалежна ад яго сацыяльнага статусу, быў для Мітрапаліта важным, каштоўным і заслугоўваў увагі.

Грэка-Каталіцкая Царква сфармавалася як структура, якая клапоціцца як пра духоўнае дабро, так і пра жыццёвыя інтарэсы кожнага грамадзяніна. У часы, калі служыў Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, Украінская Грэка-Каталіцкая Царква стала сапраўды нацыянальнай таксама дзякуючы таму, што абвяшчала Божае Слова на падставе ўкраінскай мовы і культуры.

«Часам наша Царква павінна была браць на сябе некаторыя функцыі дзяржавы ў адносінах да ўласнага народа, які змагаўся за сваю незалежнасць», — адзначыў Першавярхоўны арцыбіскуп.

Ён дадаў, што ў тыя часы, калі ў розных еўрапейскіх краінах мясцовыя Цэрквы былі вінцікамі дзяржаўнага механізму, Украінская Грэка-Каталіцкая Царква пад кіраўніцтвам Мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага не ператварылася ў паслухмяную прыладу ў руках іншай дзяржавы, але стала поплеч з прыгнечаным і пазбаўленым правоў народам.

«У гісторыі нашай Царквы Мітрапаліт Андрэй быў не толькі выдатнай асобай, але стаў яго будаўніком, надаў нашай Царкве новую для тых часоў форму і спосаб абвяшчэння Хрыстовага Евангелля», — падкрэсліў яго наступнік на чале УГКЦ.

Ён зазначыў, што на працягу першых 44 гадоў ХХ стагоддзя пастырскае служэнне Мітрапаліта Шаптыцкага сфармавала прынцыпы, якімі да гэтага часу кіруецца ўкраінская грэка-каталіцкая супольнасць.

«Можна вобразна сказаць, што Мітрапаліт, як скульптар, вылепіў сучаснае аблічча нашай Царквы, яе абрысы, характэрныя рысы, вызначыў яе місію ў гісторыі нашага народа», — зрабіў выснову Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук. Іерарх дадаў, што УГКЦ умацавалася перадусім як Царква візантыйскай традыцыі, звязаная са Святым Пасадам, як Царква ўкраінскага народа і ўкраінскай культурнай спадчыны, разам з тым пакліканая да служэння паразуменню і дыялогу.

Абноўлена 01.10.2020 09:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа