Балгарская Праваслаўная Царква 16 верасня, напярэдадні ўрачыстасці святой Сафіі, апякункі сталіцы Балгарыі, атрымала ў дар ад Папы Францішка рэліквіі святога Папы Клімэнта і святога Патыта.
Пра гэта паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ. Папа Клімэнт і Патыт — святыя, звязаныя з Сафіяй.
Мітрапаліт Сафійскі Неафіт, Патрыярх Балгарскі, адзначыў, што гэты дар — «вялікае благаслаўленне і духоўны мост паміж Царквой Балгарыі і Рымскім Касцёлам».
Таксама іерарх узгадаў пра візіт Пантыфіка ў Балгарыю, які адбыўся з 5 па 7 мая 2019 г.
Пасля атрымання благаслаўлення Патрыярха да раннехрысціянскай базылікі св. Сафіі прайшла вялікая працэсія на чале з епіскапам Палікарпам, Патрыяршым вікарыем Сафійскай епархіі. Ён сардэчна павіншаваў каталіцкую дэлегацыю, якую ўзначаліў біскуп Сафійскі Хрысто Пройкаў, старшыня каталіцкага епіскапату краіны. Падчас урачыстых нешпараў ён прачытаў пасланне Папы Францішка.
У пасланні Святы Айцец падкрэсліў «экуменізм крыві», які пераадольвае падзелы і запрашае ўсіх хрысціянаў укараняць бачнае адзінства вучняў Хрыста.
Кажучы пра гэтых двух святых, чые рэліквіі былі перададзены ў дар, Папа адзначыў: «Пралітая імі кроў, каб даць сведчанне веры ў Пана Езуса, з’яўляецца як быццам semen christianorum, насеннем новых хрысціянаў, і абавязвае нас усіх, якія аддаем пашану іх рэліквіям, выражаць з аднолькавай адвагай нашу любоў да Хрыста і да нашых братоў».