Пошук

10.09.2020 13:28   Паводле: Sedmitza.ru / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Рinterest.ru

Мексіканская асацыяцыя абароны жыцця Los Inocentes de María («Нявінныя немаўляты Марыі») пабудавала капліцу, дзе бацькі могуць прымірыцца са сваімі дзецьмі, якія загінулі ў выніку аборту. Падчас асвячэння капліцы мясцовы іерарх нагадаў, што Касцёл лічыць аборт «жахлівым злачынствам, якое знішчае лёс многіх чалавечых стварэнняў».

Як паведамляе Sedmitza.ru са спасылкай на Сatholicnewsagency, капліцу адкрылі ў так званым «гроце Рахэлі», яе асвяціў кардынал Хуан Сандаваль Іньігес, арцыбіскуп Гвадалахары на пенсіі.

Заснавальніца і дырэктар асацыяцыі Los Inocentes de María Брэнда дэль Рыо распавяла, што ідэя капліцы была ўзята з аналагічнага праекту ў Фромбарку (Германія), дзе такая каплічка пабудавана ў гроце побач з мясцовым кляштарам. Назва «грот Рахэлі» нагадвае пра фрагмент Евангелля паводле Мацвея пра забойства немаўлят па загадзе караля Ірада, які хацеў забіць Дзіцятка Езуса: «Голас у Раме чутны, плач і лямант вялікі. Рахэль аплаквае дзяцей сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма» (Мц 2, 18).

Асноўная мэта гэтай асацыяцыі, па словах заснавальніцы, у тым, каб «змагацца са злачынствамі супраць дзяцей, якія знаходзяцца ва ўлонні маці, нованароджаных і немаўлят да шасці гадоў, якіх, на жаль, нярэдка забіваюць, кідаюць у сцёкі і памыйныя ямы, пакідаюць паміраць на пустках».

На сённяшні дзень асацыяцыя пахавала ўжо 267 неданошаных дзяцей і кінутых немаўлят.

Новая капліца з'яўляецца часткай праекту асацыяцыі па будаўніцтве першых могілак для абартаваных і кінутых немаўлят у Лацінскай Амерыцы. Як адзначае Дэль Рыо, бацькі абартаваных дзяцей могуць наведаць капліцу, каб «прымірыцца са сваім дзіцем, прымірыцца з Панам».

Бацькі могуць даць імя свайму ненароджанаму дзіцяці і пакінуць запіску, такім чынам імя будзе занатавана на празрыстых пластыкавых панэлях ля ўваходу ў грот. Панэлі з імёнамі дзяцей, як кажа дырэктар асацыяцыі, паступова будуць запаўняць сцяну. Таксама ў капліцы ёсць паштовая скрыня, у якім бацька ці маці могуць пакінуць ліст свайму дзіцяці.

Па словах Дэль Рыо, абясцэньванне чалавечага жыцця, чаму спрыяюць агульнадаступныя аборты, праяўляецца ў вельмі высокім узроўні злачыннасці, забойстваў, выкраданняў дзяцей і гандлі жывым таварам у краіне.

«Чым больш у краіне прапагандуюць аборты, тым больш расце пагарда да чалавека, да каштоўнасці чалавечага жыцця. Калі мы, католікі, будзем маўчаць перад абліччам гэтага жахлівага зла і генацыду людзей, хто заступіцца за іх?» — дадае яна.

Актывісты асацыяцыі, як распавяла Дэль Рыо, шукаюць абяздоленых цяжарных жанчын і маладых маці, запрашаюць іх на семінары ў касцёлы, расказваюць пра каштоўнасць чалавечага жыцця.

«Іншы раз дастаткова нагадаць маці, што "дзіця не вораг табе, яно прынясе табе не праблемы, а шчасце", каб выратаваць чалавечае жыццё. Калі дзіця з першых дзён адчувае, што яно для маці каштоўны дар Пана, адзіны і непаўторны, то ў нас у Мексіцы паступова будзе ўсё менш гвалту і злачынстваў. Мы не стамляемся паўтараць мамам, што дзіця, абдзеленае любоўю, дзіця адкінутае і пакутуючае раней ці пазней аказваецца на вуліцы і ў турме», — адзначае Дэль Рыо.

На сустрэчах у асацыяцыі, як кажа яна, бацькам, якія смуткуюць па сваіх ненароджаных дзецях і шукаюць прымірэння з імі і Богам, абяцаюць, што аднойчы «вы ўбачыце сваіх дзяцей, калі памрэце, яны сустрэнуць вас ззяючыя, прыгожыя, цудоўныя ля брамаў Неба».

Абноўлена 10.09.2020 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.