Пошук

22.02.2024 17:22   Тэкст і фота: Пётр Эвертоўскі / Misyjne.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by

17 лютага ў невялікай вёсцы ў Мексіцы, дзе жывуць вытворцы феерверкаў, адбыліся незвычайныя ўрачыстасці.

Вытворцы феерверкаў з невялікай вёскі ў мексіканскім штаце Сакатэкас выбралі Дзіцятка Езуса сваім заступнікам. Праз малітву да Яго ў сям’і піратэхнікаў са штата Халіска здарыўся цуд. Так сюды прыйшлі пабожнасць і рэлігійнае свята, напоўненае феерверкамі.

Свята Феерверкавага Божага Дзіцятка (Divino Niño Cohetero) у Танале, штат Халіска, Мексіка, з’яўляецца даволі новай традыцыяй, хоць гэта можа здавацца дзіўным. Гэта сведчанне жывой народнай рэлігійнасці ў гэтым рэгіёне Мексікі.

Святкаванні пачаліся ў мястэчку Каюла, а ўжо некалькі гадоў яны арганізуюцца і ў суседнім Сан-Гаспары. Менавіта тут знаходзіцца цэнтр вытворчасці піратэхнічных матэрыялаў у Гвадалахары. Калі камусьці патрэбны велічны феерверк для святкавання, яго звычайна замаўляюць у гэтай мясцовасці.

Сан-Гаспар таксама з’яўляецца месцам, дзе людзі любяць святкаваць асабліва эфектна. Вось чаму, як кажуць, вытворцы феерверкаў так палюбілі гэтае месца, поўнае іх самых адданых кліентаў (і яны, вядома, добра зарабляюць на гэтым).

Сёння мясцовасць ужо стала адным з раёнаў горада Танала ў агламерацыі Гвадалахары, але жыццё тут працягваецца як і раней, «па-вясковаму». Уся фіеста Феерверкавага Божага Дзіцятка таксама мела вясковы характар.

Немаўля, апранутае ў касцюм Божага Дзіцятка

Набажэнства да Феерверкавага Дзіцятка Езуса і Яго фігурак стала папулярным дзякуючы сям’і піратэхнікаў са штата Халіска. Дваццаць гадоў таму іх нованароджанае дзіця цяжка захварэла.

Бацькі шчыра маліліся Дзіцяці Езусу і апранулі сваё немаўля ў адзенне, падобнае як на фігурцы Божага Дзіцяці. Іх сын хутка паправіўся, і гэта лічылася цудам.

Сёння хлопец, дакладней мужчына, здаровы: яму ўжо 20 гадоў.

Сям’я, пра якую ідзе гаворка, вырашыла прывезці фігурку Божага Дзіцяці з вёскі Оха-дэ-Агуа, што ў Сакатэкасе, у Каюлу, дзе пачаліся святкаванні ў Яго гонар. Некалькі гадоў таму была створана копія фігуркі і перададзена супольнасці Сан-Гаспар. Нічога дзіўнага, што вёска была поўная феерверкаў.

Галоўным пунктам праграмы з’яўляецца, вядома, святая Імша, але самым відовішчным момантам застаецца начны феерверк, але не звычайны.

Гэта сапраўдная «бітва» на так званых castillos (з ісп.: замкі — рэд.) — велізарных піратэхнічных збудаваннях, якія гараць у розных, часта складаных узорах. Адзін такі «замак» можа мець некалькі канструкцый, якія круцяцца і нават выпускаюць феерверкі ўверх падчас шоу. Падчас рэлігійных святаў можна ўбачыць такія палымнеючыя выявы Хрыста, Святога Духа і святых, літургічнае начынне і іншыя рэлігійныя матывы. І гэтым разам таксама недахопу ў іх не было. Пайшлі чуткі, магчыма, занадта асцярожныя, што плануецца 15 такіх «замкаў». Аднак я думаю, што іх было больш. Іх размясцілі не толькі перад касцёлам, але нават на даху святыні!

Працэсія і кіданне яек

Аднак свята пачалося значна раней. У суботу 17 лютага а 11-й гадзіне вырушыла працэсія з фігуркамі Божага Дзіцятка — арыгіналам з Сакатэкаса і копіяй, ахвяраванай супольнасці ў Сан-Гаспары. Некаторыя, напэўна, скардзіліся на тое, што ў гэты час яшчэ працуюць, але ўсё роўна сабраўся натоўп.

Працэсія мела тыпова мексіканскі характар. Група людзей, апранутых у індзейскія касцюмы, выконваючы ацтэцкі танец з духмянымі палачкамі, ішла наперадзе, за імі рухаліся фігуркі Дзіцятка Езуса, упрыгожаныя букетамі кветак, а далей ішлі міністранты і святары. Потым парафіяльныя групы, якія маліліся на ружанцы: пачынаючы ад самых маленькіх, якім усяго некалькі гадкоў, да найстарэйшых. За імі ішлі ўсе астатнія. Завяршаў шэсце народны аркестр. Музыка суправаджала ўсю працэсію: ад ацтэцкіх барабанаў да вясковых труб і перкусіі.

Цікавым элементам такіх мексіканскіх святаў з’яўляюцца cascarones — яйкі, напоўненыя мукой і/або канфеці. Яны выкарыстоўваюцца для кідання, пераважна ў людзей.

Гэта распачалося ў працэсіі, таму падчас святой Імшы ў некаторых людзей валасы былі ў канфеці.

Пасля Эўхарыстыі да яек і мукі дарвалася група гарэзлівай моладзі. Неўзабаве яны ўсе былі ў муцэ, і некалькі жанчын пачалі іх ушчуваць і пагражаць расказаць ксяндзу. Між тым вікарый парафіі стаяў збоку і з усмешкай глядзеў на ўсё гэта.

Звычай кідацца яйкамі прыйшоў у Мексіку з Кітая праз Італію і Іспанію. Шлях даволі доўгі, але з’явілася традыцыя яшчэ ў ХІХ стагоддзі.

Першапачаткова пустое шкарлупінне напаўнялі духамі, але менавіта ў Мексіцы прыжылася традыцыя класці ўсярэдзіну канфеці.

 

Абноўлена 22.02.2024 17:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця