Ахвярам каранавірусу была прысвечана сёлетняя пілігрымка католікаў Эстоніі да руін марыйнага санктуарыя ў Віру-Нігула.
Старадаўняя святыня была найстарэйшай хрысціянскай сакральнай пабудовай на поўначы гэтай балтыйскай краіны.
На працягу апошніх дваццаці гадоў яна штогод збірае вернікаў невялікай каталіцкай супольнасці Эстоніі.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, пілігрымы ідуць да руін старадаўняга санктуарыя ў двухкіламетровай працэсіі, пасля чаго бяруць удзел у Эўхарыстыі ў размешчанай непадалёк лютэранскай кірхе, якую ім на гэты час пазычаюць прадстаўнікі дамінуючай мясцовай канфесіі.
Пастыр эстонскіх католікаў французскі біскуп Філіп Журдан з гэтай нагоды звярнуў увагу на перажытую нядаўна пандэмію. Іерарх адзначыў такія пазітыўныя аспекты гэтага выпрабавання, як умацаванне салідарнасці, сямейных сувязяў, а таксама большае зацікаўленне верай, асабліва сярод моладзі.
Марыйная пілігрымка супала з Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, які адзначаецца ў Еўропе 23 жніўня.
Эстонскія католікі асаблівым чынам узгадалі свайго біскупа і мучаніка Эдуарда Готліба Прафітліха. Пра яго распавядае біскуп Філіп Журдан.
«Біскуп Прафітліх быў першым каталіцкім біскупам у Эстоніі з часоў рэфармацыі. Ён быў прызначаны ў 1936 годзе, загінуў у савецкіх лагерах у 1942 годзе.
Цяпер вядзецца яго беатыфікацыйны працэс, справа ўжо перададзена ў Рым. У ліпені мы атрымалі пацвярджэнне з Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, што матэрыялаў, сабраных намі пра біскупа Прафітліха на працягу апошніх 17-і гадоў, дастаткова. Для нас гэта добрая навіна», — сказаў біскуп Журдан Ватыканскаму радыё.
«Мы разлічваем, што праз некалькі гадоў Папа прыме рашэнне пра яго беатыфікацыю. Гэта настолькі важна, паколькі ён будзе першым прадстаўніком нашага Касцёла, узнесеным да хвалы алтароў. А разам з тым гэта стане важным сігналам для ўсяго грамадства, таму што біскуп Прафітліх падзяліў лёс многіх іншых жыхароў Эстоніі. Паўсюднаму Касцёлу гэта дасць магчымасць пазнаёміцца з нашай спадчынай», — кажа пастыр эстонскіх католікаў.