Пошук

27.08.2020 12:45   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Exame

Каталіцкія, праваслаўныя і англіканскія іерархі выступілі супраць таго, каб урад Аўстраліі падпісваў замову на 25 мільёнаў доз брытанскай вакцыны ад каранавірусу.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, па словах прадстаўнікоў Цэркваў, не былі захаваныя этычныя нормы, паколькі ў працэсе вытворчасці выкарыстоўваліся чалавечыя клеткі, атрыманыя падчас абортаў. Біскупы заклікалі аўстралійскага прэм’ер-міністра перагледзець пагадненне.

«Мы не маем нічога супраць вакцыны ад каранавірусу, але лічым, што выкарыстанне клетак, атрыманых падчас абортаў, глыбока амаральнае», — гаворыцца ў лісце.

Аўстралійскі ўрад не падзяляе такога меркавання і запэўнівае, што метад атрымання новай вакцыны не выклікае ніякіх «этычных супярэчнасцяў».

Замест гэтага палітыкі падкрэсліваюць яе эфектыўнасць. Апошнія даследаванні паказваюць, што вакцына падтрымлівае імунную сістэму ў барацьбе з вірусам і не выклікае сур’ёзных пабочных эфектаў. Выпрабаванні паказалі, што ў людзей, якія яе атрымалі, выпрацаваліся антыцелы і лейкацыты, а значыць, арганізм пацыентаў рэагаваў належным чынам.

Намеснік міністра аховы здароўя Аўстраліі таксама не згодны з аргументамі прадстаўнікоў Цэркваў. На яго думку, выкарыстанне клетак, атрыманых падчас абортаў, «з’яўляецца звычайнай практыкай у свеце медыцыны».

Гэтую пазіцыю падтрымлівае і вядомы імунолаг Пітэр Дохерці. «Гэты метад быў распрацаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму і выкарыстоўваецца ва ўсім свеце.

Так распрацоўваюцца вакцыны супраць краснухі, гепатыту А і шаленства»,

— сказаў нобелеўскі лаўрэат.

Іерархі заклікалі вернікаў сваіх Цэркваў падысці да пытання згодна са сваім сумленнем і адмовіцца ад вакцыны, нават калі б не было іншай альтэрнатывы.

Раней па гэтай праблеме выказаліся каталіцкія біскупы Вялікабрытаніі і ЗША.

Епіскапат Англіі і Уэльса нагадаў, што Касцёл выступае супраць вырабу вакцын з выкарыстаннем тканіны, атрыманай у выніку абортаў. Прыярытэт, аднак, варта аддаваць здароўю дзяцей і іншых уразлівых асобаў, таму дапускаецца ўжыванне вакцын, якія былі распрацаваны ў 1970-х гадах з выкарыстаннем дыплоідных клетачных ліній ад эмбрыёнаў, лічаць яны.

Падставай для занепакоенасці епіскапату ЗША стаў факт заключэння Міністэрствам аховы здароўя краіны кантракту з буйной фармацэўтычнай кампаніяй, якая распрацоўвае вакцыну з выкарыстаннем клетак абартаваных дзяцей.

Біскупы звярнуліся да Упраўлення па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў з заклікам забяспечыць захаванне этычных прынцыпаў, каб «ні адзін амерыканец не быў вымушаны выбіраць паміж прышчэпкай супраць патэнцыйна смяротнай хваробы і ўласным сумленнем».

«На шчасце, — напісалі амерыканскія іерархі, — для стварэння вакцыны супраць COVID-19 няма ніякай неабходнасці ў выкарыстанні клетачных ліній, праблематычных з этычнага пункту гледжання».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця