Пошук

05.03.2020 17:01   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: facebook.com / Bishop Columba

З канца студзеня рэліквіі трох святых — Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і яе бацькоў Луі і Зэлі Мартэн — распачалі чатырохмесячную перэгрынацыю па парафіях Аўстраліі.

28 лютага перэгрынацыя праходзіла ў дыяцэзіі Вілканіі-Форбса ў Новым Паўднёвым Уэльсе. Ранішняя святая Імша з касцёла святога Лаўрэнція трансліравалася ў прамым эфіры ва ўсе каталіцкія школы, а 150 дзяцей утварылі своеасаблівую «ганаровую варту» пры рэліквіях.

«Многія з нас былі выхаваны на дзённіку святой Тэрэзы, таму мы з нецярплівасцю чакалі гэтай падзеі»,

— перадае словы віцэканцлера дыяцэзіі Хуга Крыса польская рэдакцыя парталу Vatican News.

На працягу ўсяго дня касцёл быў адчынены для пілігрымаў, каб кожны жадаючы мог памаліцца перад рэліквіямі святых.

Падчас набажэнства падзякі вернікі дзяліліся сваімі перажываннямі, звязанымі са святой Тэрэзай ад Дзіцяткі Езуса.

«Яна рассеяла страх перад Богам. Яна глыбока верыла ў тое, што Бог — яе Тата; казала, што нельга баяцца Бога, які стаў маленькім Дзіцяткам. Яна мела асаблівае адчуванне Божай любові», — сказаў біскуп Каламба Макбэт-Грын.

«Яна вучыць нас, што нельга занядбаць ніводнай нагоды, каб рабіць дабро. Часам дастаткова сціплага жэсту, усмешкі, добрага слова»,

— дадаў іерарх. Ён прызнаўся, што «малы шлях» святой паўплываў на яго пакліканне.

Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса адышла ў вечнасць у 1897 годзе, а праз 28 гадоў Папа Пій ХІ абвясціў яе святой. Яе бацькі, святыя Луі і Зэлі Мартэн, з’яўляюцца пакуль адзінымі ў Касцёле кананізаванымі сужонкамі.

«Яны супрацьстаялі праблемам, з якімі сутыкаюцца таксама сучасныя сем’і. Таму яны сёння настолькі актуальныя», — падкрэсліў біскуп Макбэт-Грын.

Перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і яе святых бацькоў па ўсёй Аўстраліі завершыцца ў маі.

Абноўлена 05.03.2020 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа