
Каталіцкі Касцёл у Аўстраліі занепакоены ўсплескам выпадкаў эўтаназіі ў краіне. У Сіднэйскай архідыяцэзіі папярэджваюць, што з гадамі практыка «лёгкай смерці» мае ўсё больш трагічныя наступствы, пра што сведчыць вопыт іншых краін.
На сёння практыка спынення жыцця чалавека, які пакутуе невылечным захворваннем, у Аўстраліі складае ад 1% да 3% ад усіх смерцяў у краіне. Эўтаназія часцей за ўсё выкарыстоўваецца людзьмі ва ўзросце 70-79 гадоў, з нязначнай перавагай мужчын (54% у Новым Паўднёвым Уэльсе і Вікторыі). Дамінуючымі прычынамі выбару «лёгкай смерці» з’яўляюцца анкалагічныя і неўралагічныя захворванні, у тым ліку бакавы аміятрафічны склероз.
Статыстыка, якая непакоіць
З 2019 года больш за 7 тысяч 200 чалавек скончылі жыццё праз выкарыстанне эўтаназіі. Пры гэтым амаль палова выпадкаў (3329) адбылася ў перыяд з сярэдзіны 2024 года па сярэдзіну 2025 года. Эксперты папярэджваюць, што гэтыя лічбы будуць расці па меры далейшай лібералізацыі законаў.
Як паведамляе «The Australianі», найбольшая колькасць выпадкаў была зафіксавана ў Квінслэндзе, дзе, нягледзячы на непрацяглы час дзеяння закона (са студзеня 2023 года), эўтаназія прывяла да 2110 смерцяў. У Новым Паўднёвым Уэльсе, дзе закон дзейнічае толькі з лістапада 2023 года, асіставанае самагубства прывяло да 1426 смерцяў. У Вікторыі зафіксавана 1683 выпадкі выбару эўтаназіі.
Прычынай такога хуткага росту за апошні год з’яўляецца прыняцце менш строгіх прававых палажэнняў у штатах.
У заяве архідыяцэзіі ўказваецца і на іншую трывожную тэндэнцыю — абмежаваны доступ да лячэння і паліятыўнай дапамогі. Дзве траціны выпадкаў эўтаназіі ў Новым Паўднёвым Уэльсе адбыліся менавіта ў тых раёнах, дзе доступ да згаданых паслуг абмежаваны.
«Калі эўтаназія – гэта выбар, як сцвярджаюць яе прыхільнікі, то ўвага павінна быць сканцэнтравана на тым, ці маюць пацыенты ў гэтых рэгіёнах доступ да якаснага лячэння і паліятыўнай дапамогі»,
— адзначыла прэс-сакратар Сіднэйскай архідыяцэзіі.






