Касцёлы, кляштары і каталіцкія школы адчынілі свае дзверы ахвярам выбуху ў Бейруце. Па ацэнках, без даху над галавой аказаліся не менш за 300 тысяч чалавек.
«Нават у час грамадзянскай вайны ў гэтым горадзе не было такой апакаліптычнай катастрофы. Нам тэрмінова патрэбная дапамога», — кажа дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Ліване кс. Мішэль Абу, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя парталу Vatican News.
Як кажа святар, у хвіліну выбуху яму здалося, што пачалася чарговая вайна. Хоць офісу Caritas дасягнула хваля выбуху, ён адразу пачаў мабілізоўваць валанцёраў. «На сёння 120 маладых людзей няспынна рыхтуюць пакункі з прадуктамі харчавання і патрэбнымі лекамі», — адзначае святар.
«Caritas з першых хвілін мабілізаваўся і пачаў несці дапамогу. У гэтыя хвіліны мы распаўсюджваем галоўным чынам прадукты і лекі. Мы побач з людзьмі, якія страцілі блізкіх ці свой дом. Працуе група псіхолагаў, якая нясе ім падтрымку. Мы памятаем, што гэты ўдар прыйшоўся на вельмі цяжкі час велізарнага эканамічнага крызісу і пандэміі. Сітуацыя сапраўды жахлівая, — падзяліўся дырэктар дабрачыннага таварыства ў размове з Vatican News. — Нам патрэбная дапамога.
Мы просім найперш аб прадуктах і леках. Патрэбнае адзенне, а таксама малако для дзяцей.
Патрэбныя матрацы для людзей, якія пасяліліся ў школах і кляштарах, што адчынілі свае дзверы для ўсіх патрабуючых. Нам сапраўды неабходная ваша дапамога. Нават самыя малыя грошы дазволяць нам супольна здзейсніць вялікія рэчы».
З дапамогай да ліванцаў адразу ж вырушыў Caritas Internationalis і нацыянальныя аддзяленні гэтай найбольшай касцёльнай дабрачыннай арганізацыі.
У ліванскім Caritas указваюць на асабліва цяжкую сітуацыю бейруцкіх дзяцей. Многія з іх страцілі блізкіх, а прынамсі 100 тысяч — дах над галавой.
У дабрачынным таварыстве адзначаюць, што ўжо раней сітуацыя дзяцей у сталіцы Лівана была вельмі цяжкай.
Па ацэнках, паўмільёна непаўнагадовых пастаянна галадалі, а сёння сітуацыя яшчэ пагоршылася.