Пошук

06.08.2020 14:16   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фігура Маці Божай, якая была пашкоджана падчас бамбардзіроўкі Нагасакі. Фота: Getty Images

Біскупы Японіі і ЗША заклікалі да супольнай малітвы ў 75-ю гадавіну амерыканскай бамбардзіроўкі японскіх гарадоў Хірасімы і Нагасакі.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у супольным звароце арцыбіскуп Нагасакі Джозэф Міцуакі Такамі і біскуп Рокфарда Дэвід Мэлай перасцераглі ад новай гонкі ўзбраенняў.

«Да таго часу, пакуль будзе існаваць перакананне ў тым, што зброя дапамагае будаваць мір, будзе цяжка паменшыць запасы ядзернай зброі, не кажучы пра яе поўнае знішчэнне», — сказаў 4 жніўня ў відэазвароце Старшыня каталіцкага епіскапату Японіі арцыбіскуп Такамі, які сам нарадзіўся ў сакавіку 1946 года ў Нагасакі. Бамбардзіроўку свайго роднага горада ён перажыў ва ўлонні маці, а сярод яго родных многія загінулі ад атамнага выбуху і яго наступстваў.

Біскуп Мэлай у звароце дадаў, што ўсе народы павінны знайсці сродкі для поўнага раззбраення. Амерыканскі іерарх падкрэсліў, што для гэтага патрэбны агульны ўдзел і давер адно да аднаго. Абодва біскупы выказалі занепакоенасць тым, што да цяперашняга моманту чалавецтва недаацэньвае знішчальную моц ядзернай зброі.

Раней Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў ЗША запэўніла ў сваёй салідарнасці з японскім народам.

«Мы разам аплакваем нявінных людзей, якія страцілі жыццё падчас бамбардзіроўкі і пазней ад радыяцыі», — сказаў кіраўнік амерыканскага епіскапату арцыбіскуп Лос-Анджэлеса Хасэ Арасіё Гомес. Разам з тым ён прапанаваў кіраўнікам дзяржаў адмовіцца ад усіх відаў зброі масавага знішчэння.

У ліпені гэтага года епіскапат Японіі выдаў дакумент адносна адмаўлення ад ядзернай энергіі. Акрамя бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, у ім была таксама ўзгадана аварыя на атамнай электрастанцыі ў Фукусіме ў 2011 годзе, што выклікала вельмі цяжкія наступнствы.

6 і 9 жніўня 1945 года два амерыканскія ваенныя самалёты скінулі атамныя бомбы на японскія гарады Хірасіму і Нагасакі. Ахвярамі бамбардзіроўкі сталі па меншай меры чвэрць мільёна чалавек, многія з якіх памерлі пазней ад радыяцыі.

Абноўлена 06.08.2020 14:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа