Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Англіі і Уэльса заявіла, што католікі маюць абавязак рабіць прышчэпкі з мэтай вакцынацыі. Разам з тым англійскі епіскапат выказаў надзею на тое, што праца навукоўцаў, якія працуюць над стварэннем вакцыны ад COVID-19, дасць станоўчы плён у выніку распрацовак, якія не супярэчаць этыцы.
Пра гэта паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Спасылаючыся на дакумент Папскай акадэміі жыцця ад 2005 года на тэму маральнай ацэнкі вакцын, якія былі створаны з клетак абартаваных дзяцей, англійскія біскупы прыйшлі да высновы, што «ўсе клінічна прапісаныя вакцыны могуць выкарыстоўвацца з чыстым сумленнем».
«Каталіцкі Касцёл рашуча падтрымлівае вакцынацыю і лічыць, што католікі ў першую чаргу маюць абавязак рабіць прышчэпкі не толькі з увагі на ўласнае здароўе, але таксама ў духу салідарнасці з іншымі людзьмі, асабліва з найслабейшымі», — пішуць іерархі ў апублікаваным 30 ліпеня лісце.
У ім падкрэсліваецца, што «існуе маральны абавязак гарантаваць вакцынацыю, неабходную для бяспекі іншых людзей».
«Гэта асабліва важна для адкрыцця вакцыны супраць COVID-19», — дадалі англійскія іерархі.
Акрамя таго, яны нагадалі, што «Касцёл выступае супраць вытворчасці вакцыны з выкарыстаннем тканак абартаваных пладоў». Разам з тым біскупы звярнулі ўвагу на тое, што «Касцёл вучыць, што вялікае значэнне здароўя дзіцяці і іншых безабаронных людзей можа дазволіць бацькам выкарыстоўваць вакцыну, якая ў мінулым была распрацавана з выкарыстаннем дыплоідных ліній клетак».
Біскупы Англіі і Уэльса спаслаліся на дакумент Папскай акадэміі жыцця пад назваю «Маральныя разважанні на тэму вакцын, атрыманых з клетак абартаваных чалавечых пладоў».
Яны таксама ўзгадалі асобнае паведамленне Папскай акадэміі ад 2017 года, у якім сцвярджаецца, што «ўсе клінічна прапісаныя вакцыны могуць выкарыстоўвацца з чыстым сумленнем» і што «выкарыстанне такіх вакцын не азначае ўдзелу ў дабравольных абортах».
Іерархі працытавалі фрагмент дакумента ватыканскай дыкастэрыі, у якім сцвярджаецца, што цяжар барацьбы з неэтычнымі практыкамі фармацэўтычных фірм «нельга ўскладаць на нявінных дзяцей і на стан здароўя чалавецтва, асабліва ў адносінах да цяжарных жанчын».
«Калі цяжарная жанчына, напрыклад, настаўніца ў школе, будзе кантактаваць з невакцынаванымі дзецьмі, яна можа сутыкнуцца з цяжарам несправядлівых і складаных маральных выбараў, у тым ліку і з тым, ці праца падчас цяжарнасці будзе бяспечнай», — сказана ў лісце. «Кантакт з невакцынаванымі дзецьмі можа мець непажаданыя наступствы, найбольш цяжкія з якіх спалучаны з пагрозаю для жыцця маці і яе ненароджанага дзіцяці», — падкрэслілі англійскія біскупы.
Епіскапат заўважыў, што «Касцёл адрознівае цяперашнія нязгодныя з этыкай распрацоўкі вакцын ад выкарыстання ліній клетак, якія былі атрыманы ад абартаваных пладоў у 70-я гады [мінулага стагоддзя]».
«Чалавечая супольнасць не раз мела карысць ад крыўдаў, учыненых у мінулым, за якія неабходна каяцца. Мы жывем, карыстаючыся вельмі сумніўнымі медыцынскімі эксперыментамі.
Напрыклад, Эдвард Джэнер, які адкрыў вакцыну, у межах даследаванняў прышчапіў 8-гадоваму хлопчыку каровіну воспу, а пасля гэтага — воспу [натуральную]. У той час, калі сёння падобныя эксперыменты былі б неэтычнымі па ўсіх магчымых стандартах, мы не сталі б аспрэчваць важнасць вакцыны, якая ратуе жыццё, з-за яе сумніўнага гістарычнага паходжання», — адзначылі біскупы Англіі і Уэльса, выказваючы пры гэтым надзею на тое, што этычная распрацоўка вакцыны магчымая.