Пошук

05.08.2020 15:46   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: la-croix.com

4 жніўня Дзяржсакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін здзейсніў першую з пачатку пандэміі каранавірусу афіцыйную паездку за межы Італіі, у Францыю. У базыліцы мястэчка Арс, дзе захоўваюцца рэліквіі святога Яна Марыі Віянэя, чый успамін адзначаўся ў гэты дзень, іерарх узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, у літургічны ўспамін нябеснага апекуна пробашчаў кардынал перадаў вернікам сардэчнае прывітанне Папы Францішка і яго апостальскае благаслаўленне.

У гаміліі іерарх адзначыў, што менавіта святы Віянэй адыграў ключавую ролю ў ягоным пакліканні да святарства.

Па словах кардынала, пробашч з Арса быў «сапраўдным прарокам-ахоўнікам», які імкнуўся да збаўлення грэшнікаў, нараджаў новыя пакліканні да жыцця, прысвечанага Богу: Ён стаў «гучным голасам Бога».

Як дадаў Дзяржсакратар, святы Ян Марыя Віянэй вучыць ніколі не губляць надзею і прымаць Божыя дары «з пакорай, малітвай і няспыннай удзячнасцю». Міласэрнае служэнне французскага святара ўмацоўвалася сакрамэнтамі, малітвай і пакаяннем; яго жыццё кажа аб тым, што сапраўдны хрысціянін знаходзіцца ў пастаянным пошуку Божай волі, становячыся соллю і святлом свету.

«Сведчыць пра любоў Пана — гэта шлях, які вядзе да святасці, і ён даступны для ўсіх», — падкрэсліў кардынал.

Увечары ватыканскі іерарх правёў канферэнцыю «Папа Францішак і святары на шляху з Божым народам», а пасля адкрыў унутры базылікі пілігрымкавы маршрут, прысвечаны духоўнаму сыну пробашча з Арса — Слузе Божаму Эмілю Біяэндзе, кангалезскаму кардыналу, арцыбіскупу Бразавіля, забітаму ў 1977 г.

Будучы студэнтам Ліёнскага каталіцкага інстытута, Эміль Біяэнда рэгулярна наведваў Арс, а потым працягваў традыцыю гэтых пілігрымак падчас сваіх паездак у Францыю.

Па словах рэктара святыні кс. Патрыса Хахольскага, прысутнасць кардынала Параліна на адкрыцці гэтага маршруту паклікана падкрэсліць актуальнасць харызмы св. Яна Марыі Віянэя пасля Другога Ватыканскага Сабору, асабліва для афрыканскай культуры і сярод святароў ХХІ стагоддзя.

Абноўлена 05.08.2020 16:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа