Пошук

05.08.2020 13:46   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Gazeta Lubuska

Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей не будзе служыць Боскую літургію сёлета 15 жніўня, у праваслаўнае свята Успення Прасвятой Багародзіцы, у адноўленым манастыры Сумела. Гэта было вырашана пасля размоваў паміж Канстанцінопальскім Патрыярхатам і турэцкімі ўладамі, у якіх удзельнічаў Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, манастыр быў месцам пілігрымак для вызнаўцаў праваслаўя з рэгіёну Чорнага мора, галоўным чынам з-за іконы Маці Божай, якая ўшаноўваецца там і якую, згодна з паданнем, напісаў евангеліст Лука. У 1920-я гады, калі былі дэпартаваны ўсе хрысціяне з рэгіёну азіяцкай Турцыі, манастыр апусцеў.

20 гадоў таму разбураны манастыр стаў даступны для турыстаў.

У 2010–2014 гг. Патрыярху Канстанцінопальскаму было дазволена служыць там Боскую літургію 15 жніўня, на Успенне Багародзіцы. З гэтай нагоды ў манастыр прыбывалі таксама іерархі з Грэцыі і Расіі і шматлікія пілігрымы. З 2015 г. набажэнствы не праводзіліся, бо ў манастыры праходзіла рэстаўрацыя. Манастыр быў абаронены ад падзення камянёў і землятрусу. Яго адкрыццё планавалася на канец чэрвеня, але з-за пандэміі каранавірусу было адкладзена.

Было аб’яўлена, што 28 ліпеня манастыр будзе адкрыты для турыстаў, але не для рэлігійных мерапрыемстваў. Патрыярх Барталамей размаўляў з уладамі правінцыі ў Трабзоне аб магчымасці служыць літургію на Успенне Багародзіцы. Праз некаторы час дазвол быў дадзены, але з тым, што ў набажэнстве могуць удзельнічаць толькі турэцкія грамадзяне, што выключала тых праваслаўных, якія з’яўляюцца грамадзянамі Грэцыі, Грузіі ці Расіі, а таксама самога Патрыярха.

Іерарх упаўнаважыў узначаліць цэлебрацыю літургіі свайго генеральнага вікарыя Мітрапаліта Стэфана, які з’яўляецца грамадзянінам Турцыі.

Паводле традыцыі, манастыр Сумела заснавалі два пустэльнікі з Афін у 375–396 гг. Прыкладна ў сярэдзіне XIV ст. манастыр павялічыўся. З ХІІІ па XV ст. ён быў нацыянальным. Пасля заваявання мусульманамі ў 1461 г. да ХІХ ст. султан рэгулярна ахвяроўваў яму багатыя дары. Таксама ён быў адным з найважнейшых месцаў пілігрымавання праваслаўных вернікаў у часы Асманскай імперыі.

У 1923 г. разам з усімі іншымі хрысціянамі манахі гэтага манастыра былі вымушаны пакінуць рэгіён. У 1931 г. турэцкія ўлады дазволілі, каб найважнейшыя іконы і царкоўнае начынне былі перанесены ў манастыр пад такім жа тытулам у грэчаскай Македоніі. Некалькі дзесяцігоддзяў манастыр Сумела заставаўся разбураным, у 1972 г. ён быў абвешчаны нацыянальным помнікам культуры.

Абноўлена 05.08.2020 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа