«Ахвяраматы», або электронныя прылады для ахвяраванняў, з’явіліся напрыканцы мінулага года ў Польшчы, каб дапамагчы тым, хто не мае пры сабе наяўных грошай.
Як зазначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, разам з тым ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі аказалася, што такі спосаб ахвяравання лепш адпавядае санітарным нормам.
Сёння ў касцёлах суседняй краіны дзейнічае ўжо некалькі дзясяткаў падобных электронных прылад.
Задума ўсталявання «ахвяраматаў» у святынях з’явілася ў кракаўскай супольнасці «Голас у пустыні».
«Гэта быў шматмесячны праект, у якім узялі ўдзел людзі з кракаўскіх каталіцкіх супольнасцяў, рэалізаваны ў супрацоўніцтве з эканамічным бюро Кракаўскай архідыяцэзіі. Яго здзяйсненне зацвердзіў асабіста арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі», — паведаміў КАІ Караль Собчык, кіраўнік супольнасці, аўтар ідэі і адказны за ўвядзенне ў Кракаўскай архідыяцэзіі «ахвяраматаў».
Першы з іх з’явіўся ў касцёле святога Максімільяна Кольбэ ў Кракаве-Містшэёвіцах.
«Гэта вельмі добрае рашэнне, якое паказвае, што Касцёл не адстае ад сучаснасці. Я сама пералічваю ахвяраванні з карткі, але маю знаёмых, якія для гэтага выкарыстоўваюць нават „разумны“ гадзіннік, што вельмі зручна», — кажа студэнтка Паўліна.
КАІ заўважае, што электронныя ахвяраванні — бяспечныя і хуткія. «Ахвярамат» дазваляе пералічыць на касцёльны рахунак любую суму грошай і высылае СМС з пацвярджэннем. Некалькі месяцаў таму ніхто не думаў, што падобныя прылады таксама забяспечаць магчымасць захавання санітарных норм падчас пандэміі, калі Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендавала адмовіцца ад аплаты наяўнымі грашыма і перайсці на сістэму безнаяўных разлікаў.
Больш за тое, «ахвяраматы» сталі паратункам для парафій, якія з-за абмежаванняў колькасці ўдзельнікаў набажэнстваў, якія дзейнічалі ў Польшчы ў першыя месяцы пандэміі, трапілі ў складаную фінансавую сітуацыю.
«Дзякуючы „ахвяраматам“ стала магчымым рабіць ахвяраванні не толькі падчас набажэнстваў, але практычна пастаянна, калі толькі святыня была адкрытая. Мы ж памятаем, што на пачатку пандэміі людзі вельмі часта прыходзілі ў касцёлы па адным, каб памаліцца ў бяспечных умовах», — тлумачыць Караль Собчык. Ён дадае, што ў некаторых парафіях электронныя ахвяраванні цалкам замянілі збор грошай з традыцыйнымі кошыкамі. Лідар кракаўскай супольнасці «Голас у пустыні» лічыць, што «ахвяраматы» сталі актуальным адказам на патрэбы вернікаў, паколькі дзякуючы ім змяншаецца рызыка заражэння і адпадае неабходнасць шукаць банкамат ці разменьваць грошы перад Імшой.
Сёння «ахвяраматы» ў Польшчы можна сустрэць у касцёлах не толькі Кракава, але таксама Вроцлава, Лодзі, Закапанэ, Варшавы, Гданьска і іншых гарадоў.