Пошук

27.07.2020 15:30   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Нumanite.fr

Праз тыдзень пасля пажару ў гістарычнай катэдры ў горадзе Нант, што на захадзе Францыі, у падпале святыні прызнаўся валанцёр, які працаваў у мясцовай дыяцэзіі.

Як са спасылкай на аўстрыйскае інфармацыйнае агенцтва АРА перадало Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, увечары 25 ліпеня суд пастанавіў часова затрымаць 39-гадовага мужчыну па абвінавачанні ў «знішчэнні і нанясенні шкоды шляхам падпалу».

Судовы следчы П’ер Сэн распавёў газеце Presse-Ocean, што мужчына прызнаўся ў падпале, які ўчыніў у трох месцах святыні. Як падаецца, затрыманы паведаміў, што падпаліў вялікі і малы арганы, а таксама электрашчыт. Адвакат падпальшчыка Кантэн Шабэр сказаў журналістам, што яго кліент выказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва, вельмі шкадуе за тое, што ўчыніў, а сваё прызнанне лічыць для сябе вызваленнем.

Адвакат дадаў, што затрыманы адчувае дакоры сумлення і вельмі перажывае ад таго, якую вялікую шкоду нанеслі яго дзеянні.

Пракуратура, са свайго боку, інфармуе, што ў выпадку абвінаваўчага вердыкту суду падпальшчыку пагражае дзесяцігадовы тэрмін зняволення і штраф у памеры 150 тыс. еўра.

Пажар у нанцкай катэдры святых апосталаў Пятра і Паўла здарыўся ў суботу 18 ліпеня. Паводле звестак пажарнай аховы, агонь знішчыў вялікі арган над заходнім парталам гатычнай святыні, будаўніцтва якой распачалося на пачатку XV стагоддзя. У пажары загінулі таксама каштоўныя творы сакральнага мастацтва і вітражы. Барацьбу з агнём у старадаўняй катэдры вялі больш за сто пажарных і ратаўнікоў.

Эксперты лічаць, што цяпер святыню чакаюць шматгадовыя працы па аднаўленні, і паўстае складанае пытанне пра фінансаванне адбудовы інтэр’еру. Перадусім неабходна будзе прыбраць вялікія завалы попелу і абгарэлых матэрыялаў. Акрамя таго неабходна праверыць, якім чынам уздзеянне высокай тэмпературы паўплывала на стан канструкцый скляпення, размешчанага на 38-метровай вышыні.

Будаўніцтва катэдры святых апосталаў Пятра і Паўла ў Нанце распачалося ў 1434 годзе і працягвалася з перапынкамі да 1891 года. Скляпенні нанцкай святыні — найвышэйшыя ў Францыі.

Падчас Другой сусветнай вайны катэдра была пашкоджана ў выніку налётаў авіяцыі антыгітлераўскай кааліцыі, а пасля вайны адбудавана. У 1972 годзе ў святыні ўжо здараўся пажар падчас правядзення рамонтных прац.

Пяць гадоў таму ў Нанце ўжо гарэў каталіцкі касцёл. Тады агонь, які загарэўся падчас рамонтных прац на даху базылікі святога Данацыяна, знішчыў частку крокваў.

Аўстрыйская каталіцкае інфармацыйнае агенцтва Kathpress зазначае, што ў Францыі не ўпершыню здараюцца напады на каталіцкія касцёлы і сакральныя аб’екты, у тым ліку і на катэдру ў Нанце. У 2013 годзе невядомыя злачынцы пашкодзілі і размалявалі нітрафарбай хоры і прэзбітэрый святыні. Трапіўшы ўсярэдзіну, па ўсёй верагоднасці, з дапамогай будаўнічых рыштаванняў, зламыснікі пакінулі зняважлівыя надпісы, а таксама аблілі чорнай фарбай і апаганілі некаторыя фігуры і крыжы ў катэдры.

Абноўлена 27.07.2020 16:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.