У Ліхэні (Польшча) праходзіць сёмы літургічны семінар Ars Celebrandi. Прыхільнікі літургіі надзвычайнай формы рымскага абраду і грыгарыянскага харалу па традыцыі сабраліся ў ліхэньскім санктуарыі, дзе з 9 па 16 ліпеня будуць паглыбляць свае веды пра старажытную літургію і спеў Касцёла.
Як паведамляе агенцтва КАІ, семінар прызначаны для святароў, семінарыстаў, міністрантаў і харыстаў, якія цікавяцца традыцыйнай рымскай літургіяй і хочуць удасканаліць свае ўменні ў гэтай сферы. Заняткі праходзяць у групах, а набытыя ўменні выкарыстоўваюцца тут жа падчас шматлікіх Імшаў і набажэнстваў.
Па словах арганізатараў, прыкладзены ўсе старанні, каб у абставінах пандэміі каранавірусу захаваць бяспеку.
У параўнанні з ранейшымі сустрэчамі ўведзена шмат змен: не будзе тэматычных канферэнцый, традыцыйных мерапрыемстваў на адкрыццё і заканчэнне семінару, удзельнікі будуць займацца толькі ў маленькіх групах, не будзе спецыяльных гасцей.
Колькасць удзельнікаў была паменшана да 150, у той час як раней іх было каля 220. Разам з тым у прэс-службе семінару адзначаюць, што цікавасць духоўных асобаў да цэлебрацыі літургіі надзвычайнай формы рымскага абраду пастаянна расце. Акрамя дыяцэзіяльных святароў, прысутнічаюць таксама кансэкраваныя асобы з розных манаскіх супольнасцяў.
Новаўвядзеннем у гэтым годзе стане на семінары спецыяльная група для васьмі святароў, якія ўжо навучыліся цэлебраваць літургію надзвычайнай формы рымскага абраду і хочуць навучыцца ўдзяляць іншыя сакрамэнты і сакрамэнталіі ў гэтым абрадзе.
Таксама ў межах семінару ёсць дзве групы па вывучэнні грыгарыянскага харалу.
Сёлета на мерапрыемстве не будзе шматлікіх удзельнікаў з замежжа, тады як у мінулыя гады яны прыбывалі як мінімум з 10 краін, у тым ліку з Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны, Швецыі, ЗША. Былі адкрыты некаторыя межы, таму прыбыло некалькі ўдзельнікаў з Германіі, Францыі, Чэхіі, Латвіі і Літвы.
Семінару ўдзяліў ганаровы патранат біскуп Влоцлаўскай дыяцэзіі Веслаў Мерынг. Семінар арганізуецца таварыствам Una Voce Polonia, у які ўваходзяць свецкія католікі, прыхільнікі традыцыйнай рымскай літургіі. Іх місія з’яўляецца рэалізацыяй слоў Бэнэдыкта XVI: «Тое, што было святым для ранейшых пакаленняў, застаецца вялікім і святым для нас і не можа раптам аказацца цалкам забароненым або нават лічыцца дрэнным».