Пошук

21.02.2023 17:50   Catholic.by
Фота Ларысы Доўгань

Папа Францішак удакладніў два пункты Апостальскага ліста Traditionis custodes аб выкарыстанні рымскай літургіі да рэформы 1970 года, якія выклікалі дыскусіі і розныя інтэрпрэтацыі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адмысловы папскі рэскрыпт быў абнародаваны ў Ватыкане 21 лютага.

У ім Пантыфік адназначна пацвердзіў, што выкарыстанне парафіяльных касцёлаў і магчымасць заснавання персанальных парафій для груп, якія цэлебруюць літургію паводле Імшала 1962 года, абнародаванага святым Янам ХХІІІ перад Другім Ватыканскім Саборам, а таксама выкарыстанне гэтага Імшала святарамі, якія атрымалі пасвячэнне пасля 16 ліпеня 2021 года, пасля публікацыі згаданага motu proprio, можа быць дазволена біскупам толькі пасля атрымання дазволу ад Святога Пасаду.

Біскуп перш, чым прыняць рашэнне адносна гэтых двух выпадкаў, павінен папрасіць дазвол у Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая, паводле motu proprio, ажыццяўляе ўладу Святога Пасаду ў гэтай сферы. Такім чынам, у залежнасці ад абставін, магчымае «зялёнае святло» дыяцэзіяльнаму ардынарыю дае менавіта Дыкастэрыя.

Рэскрыпт Папы сцвярджае: «Калі дыяцэзіяльны біскуп удзяліў дазвол у двух згаданых вышэй выпадках, ён абавязаны паінфармаваць пра гэта Дыкастэрыю Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая будзе разглядаць кожны паасобны выпадак».

Калі біскуп без згоды Святога Пасаду ўдзяліў дазвол на выкарыстанне парафіяльных касцёлаў, заснаванне персанальных парафій і выкарыстанне старога Імшала святарам, пасвячаным пасля ліпеня 2021 года, ён абавязаны зрабіць крок, які не быў зроблены раней: звярнуцца ў Дыкастэрыю і чакаць яе адказу.

Новым рэскрыптам, які быў апублікаваны пасля аўдыенцыі для кардынала Артура Рошэ, прэфекта Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая прайшла 20 лютага, Папа таксама пацвердзіў тое, што было ўстаноўлена ў адказе на сумневы (dubia), якія з’явіліся пасля публікацыі Traditionis custodes.

Traditionis custodes — Апостальскі ліст Папы Францішка, апублікаваны ў форме motu proprio 16 ліпеня 2021 г. аб выкарыстанні рымскай літургіі да рэформы 1970 года. Ён здымае некаторыя саступкі на карысць выкарыстання Рымскага Імшала 1962 года, дадзеныя Папам Бэнэдыктам XVI у Апостальскім лісце Summorum Pontificum ад 7 ліпеня 2007 года. Motu proprio Папы Францішка суправаджаецца лістом да біскупаў усяго свету з тлумачэннем прычын, якія прывялі да прыняцця рашэння аб яго публікацыі.

Абноўлена 21.02.2023 17:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа