Святы Айцец спадзяецца, што дзякуючы прыпыненню «аўтаматычнага» дазволу на цэлебрацыю Імшы паводле старога абраду з’явіццца магчымасць вярнуцца да сапраўдных намераў Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла II.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак закрануў гэтую тэму падчас сустрэчы са славацкімі езуітамі 12 верасня ў Браціславе. Стэнаграма размовы з’явілася ў італьянскім часопісе La Civiltà Cattolica.
Святы Айцец нагадаў, што яго рашэнне «стала вынікам кансультацый з біскупамі з усяго свету», якія праходзілі ў 2021 годзе.
«З гэтага часу тыя, хто хоча цэлебраваць паводле vetus ordo, павінны прасіць згоды ў Рыме, як гэта адбываецца з бірытуалізмам.
Але ёсць маладыя святары, якія ідуць да біскупа прасіць гэтага праз месяц пасля пасвячэння», — звярнуў увагу пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа распавёў пра кардынала, да якога прыйшлі два новапрэзбітэры з просьбай аб магчымасці вывучэння лацінскай мовы для добрай цэлебрацыі «трыдэнцкай» Імшы.
«А ён з пачуццём гумару адказаў: „Але ў дыяцэзіі так шмат лацінаамерыканцаў! Вывучайце іспанскую мову, каб прапаведаваць ім. Тады, калі вы вывучыце іспанскую мову, вярніцеся да мяне. Я скажу вам, што ў дыяцэзіі шмат в’етнамцаў, і я папрашу вас вывучыць в’етнамскую мову. А калі вы вывучыце в’етнамскую мову, я дам вам дазвол на вывучэнне лацінскай мовы“. Такім чынам ён іх „прызямліў“, вярнуў на зямлю. Я іду наперад не таму, што хачу зрабіць рэвалюцыю. Я раблю тое, што лічу патрэбным.
Гэта патрабуе шмат цярплівасці, малітвы і вялікай любові»,
— заўважыў Пантыфік.