Пошук

20.12.2021 11:07   Паводле: Vatican News
Фота Ларысы Доўгань

18 снежня Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апублікавала адобраныя Папам Францішкам адказы на сумневы (dubia), дасланыя біскупамі адносна motu proprio «Traditionis custodes».

Як нагадвае Беларуская рэдакцыя Vatican News, гэты папскі дакумент, абнародаваны ў ліпені 2021 года, зацвердзіў новыя нормы ў дачыненні да выкарыстання так званага vetus ordo Мissæ — парадку святой Імшы да рэформы Другога Ватыканскага Сабору.

Першае пытанне датычыцца магчымасці служыць паводле дасаборнага абраду ў парафіяльным касцёле ў тым выпадку, калі адсутнічае магчымасць знайсці асобную святыню для групы вернікаў, якія выкарыстоўваюць Імшал 1962 года. У responsa даецца сцвярджальны адказ, але гэта можа адбыцца толькі ў выпадку, калі сапраўды не існуе магчымасці выкарыстання іншага касцёла, калі гэтая Імша не ўключана ў звычайны парафіяльны расклад і калі не супадае з іншымі душпастырскімі ініцыятывамі ў парафіі.

Яшчэ адно пытанне датычыцца цэлебрацыі паводле старога абраду не толькі Эўхарыстыі, але і іншых сакрамэнтаў паводле даўнейшых літургічных кніг. На гэтае пытанне даецца адмоўны адказ, аднак ёсць выключэнні. Такія тэксты могуць па-ранейшаму выкарыстоўвацца ў раней «кананічна заснаваных персанальных парафіях».

Наступны сумнеў, выказаны біскупамі, датычыцца магчымасці працягваць выкарыстоўваць «стары» Імшал тымі святарамі, якія не прызнаюць рэчаіснасць і законнасць канцэлебрацыі, адмаўляючыся саслужыць, у прыватнасці, падчас Імшы ў Вялікі чацвер. Адказ адмоўны, аднак перш, чым адмовіць святару ў такой магчымасці, біскуп абавязаны правесці з ім «братэрскую размову» і пераканацца ў тым, што адмова святара не выключае рэчаіснасці і законнасці літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабору і настаўніцтва Рымскіх Пантыфікаў. Дыяцэзіяльны іерарх павінен даць святару неабходны час для разважання, запрашаючы яго да канцэлебрацыі.

На пытанне аб тым, ці можна падчас Імшы паводле старога абраду карыстацца поўным тэкстам Бібліі, выбіраючы з яе часткі, указаныя Імшалам 1962 года, Апостальская Сталіца дае сцвярджальны адказ. Разам з тым нельга публікаваць лекцыянарыі з цыклам чытанняў, прадугледжаных дасаборным Імшалам.

Наступнае пытанне адносіцца да кансультацыі са Святым Пасадам у тым выпадку, калі святар, які атрымаў пасвячэнне пасля 16 ліпеня 2021 года, просіць даць яму дазвол служыць паводле дасаборнага абраду. У адказе гаворыцца, што застаецца неабходнасць такой кансультацыі. Таксама Кангрэгацыя заклікае ўсіх выкладчыкаў семінарый настаўляць будучых дыяканаў і прэзбітэраў у разуменні і ўсведамленні багацця літургічнай рэформы.

На пытанне аб тым, ці можа біскуп ухваліць выкарыстанне «старога» Імшала на абмежаваны тэрмін, пакідаючы за сабой права далейшай верыфікацыі, Апостальская Сталіца дае сцвярджальны адказ. У адказе на іншы dubium гаворыцца таксама, што ў выпадку адсутнасці ўхваленага святара той, хто яго замяняе, не можа служыць паводле Імшала 1962 года без фармальнага дазволу біскупа, які таксама патрэбны дыяканам і іншым устаноўленым служыцелям, якія ўдзельнічаюць у такой Імшы.

Яшчэ два пытанні датычацца дзвюх Імшаў па буднях. Пробашч або капелан, які цэлебруе Эўхарыстыю згодна з «новым» абрадам, не можа ў той жа дзень цэлебраваць Імшу паводле vetus ordo: ні з народам, ані ў прыватным парадку. Цэлебрацыя дзвюх Імшаў у будні дапускаецца толькі па душпастырскіх прычыных, якія тут адсутнічаюць, паколькі ў вернікаў ёсць магчымасць удзельнічаць у Імшы паводле звычайнага абраду.

Адмоўны адказ даецца таксама на пытанне аб тым, ці можа святар цэлебраваць двойчы паводле дасаборнага абраду для дзвюх розных груп вернікаў. Сцвярджаецца, што гэта не падпадае пад душпастырскія прычыны, паколькі другая група можа ўдзельнічаць у Імшы паводле звычайнага абраду.

Traditionis custodes — Апостальскі ліст Папы Францішка, апублікаваны ў форме motu proprio 16 ліпеня 2021 г. аб выкарыстанні рымскай літургіі да рэформы 1970 года. Ён здымае некаторыя саступкі на карысць выкарыстання Рымскага Імшала 1962 года, дадзеныя Папам Бэнэдыктам XVI у Апостальскім лісце Summorum Pontificum ад 7 ліпеня 2007 года. Motu proprio Папы Францішка суправаджаецца лістом да біскупаў усяго свету з тлумачэннем прычын, якія прывялі да прыняцця рашэння аб яго публікацыі.

Абноўлена 20.12.2021 11:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця