Пошук

10.07.2020 13:22   Паводле: Sedmitza.ru / Catholic.by

Турэцкія мастацтвазнаўцы, рэстаўратары і экскурсаводы выказваюць пункт гледжання на праблему святой Сафіі Канстанцінопальскай, які кардынальна адрозніваецца ад палітычных трактовак гэтага пытання. Перш за ўсё яны занепакоеныя тым, што, калі старажытны візантыйскі помнік ператворыцца ў мячэць, у іх не будзе доступу да даследавання святыні.

Пра гэта паведамляе Sedmitza.ru.

«Мяне больш цікавіць захаванне сабора святой Сафіі ў якасці культурнага скарбу», — адзначыла Зэйнэп Ахунбай, архітэктар-рэстаўратар, якая працавала ў навуковым камітэце сабора на працягу 25 гадоў.

«Найлепшы спосаб захаваць і паказаць яго — гэта музейная функцыя»,

— дадала яна.

Найбольшую занепакоенасць выклікае тое, што адбудзецца з унікальнымі сярэднявечнымі мазаікамі святыні, уключаючы выявы Езуса Хрыста, Панны Марыі і Яна Хрысціцеля, а таксама партрэты візантыйскіх манархаў, такіх, як імператар Юстыніян і імператрыца Сафія.

Мазаікі святыні былі замаляваны вапнай на працягу больш чым пяці стагоддзяў — з часу ўсталявання асманскага валадарства. Выявы чалавечых фігур і жывёл лічацца ў ісламе ідалапаклонствам. Мазаічнае ўбранне сабора было адкрыта і адноўлена толькі тады, калі святыню ператварылі ў музей у 1930-я гады.

«Мы не ведаем, што адбудзецца з мазаікамі і фрэскамі», — сказаў Фарук Пэкін, заснавальнік Fest Travel, які спецыялізуецца на культурных экскурсіях і правёў 80 начных шпацыраў па саборы ў мінулым годзе. Па яго словах, адным з важных момантаў агляду будынка ноччу было тое, што купал выглядаў яшчэ большым, а залатыя мазаікі ззялі ярчэй у цьмяным святле.

«Наведвальнікі плацяць падвойны кошт за начны тур, і большасць з іх — гэта туркі», — дадаў Фарук Пэкін.

Ён падкрэсліў, што, калі музей стане мячэццю, мазаікі прыйдзецца нейкім чынам закрываць падчас мусульманскіх малітваў, а турысты і немусульмане могуць быць абмежаваныя ў пэўныя моманты.

«Я ўсё яшчэ спадзяюся, што гэтага не адбудзецца», — на заканчэнне выказаў ён надзею.

Фрагмент мазайкі

Абноўлена 10.07.2020 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа