Пошук

03.07.2020 15:02   Паводле: Sedmitza.ru / Catholic.by
Фота: youtube.com

Астранамічная абсерваторыя ў Тусане (штат Арызона, ЗША) дала новаму астэроіду імя каталіцкага святара, супрацоўніка абсерваторыі Ватыкана, які набыў вядомасць дзякуючы даследаванню зорак і галактык.

Як паведамляе Sedmitza.ru са спасылкай на агенцтва CNA, цяпер недзе паміж Марсам і Юпітэрам у космасе ляціць каменны астэроід, названы імем а. Крыстафера Корбаллі SI. Сам святар, па яго словах, быў «ашаломлены» навіной пра наданне яго імя астэроіду 119248. «Бо я не маю дачынення да астэроідаў, я займаюся зоркамі», — з пакорай адзначыў ён у інтэрв’ю CNA.

74-гадовы езуіт і навуковец стаў вядомы дзякуючы свайму ўнёску ў веды пра будову буйных зоркавых сістэм і галактык, у спектральную класіфікацыю зорак, у тэорыі ўтварэння зорак і нават у тэхналогіі стварэння сучасных тэлескопаў — хоць астэроідамі ён ніколі не займаўся.

Астэроіды — скальныя беспаветраныя ўтварэнні, якія засталіся ад ранняга фарміравання нашай сонечнай сістэмы каля 4,6 мільярдаў гадоў таму.

На сённяшні дзень выяўлена 958 915 астэроідаў. Міжнародны астранамічны саюз увёў правілы наймення гэтых «малых планет», як іх яшчэ называюць. На афіцыйным сайце МАС гаворыцца, што назва астэроіда павінна ўтрымліваць не больш за 16 сімвалаў. Іх нельга называць у гонар палітычных і ваенных дзеячоў да заканчэння стагоддзя з даты іх смерці, у гонар камерцыйных кампаній і хатніх жывёлаў.

Астэроід 119248 Corbally быў адкрыты амерыканскім астраномам Роем Такерам яшчэ 10 верасня 2001 г. Сам айцец Корбаллі карыстаўся электронна-аптычнымі камерамі Такера для вывучэння зоркавых спектраў, быў таксама штатным астраномам-даследчыкам абмерваторыі Ватыкана і пасля віцэ-дырэктарам даследчыцкай групы. Ён стаў святаром у 1976 г. і з’яўляецца шаснаццатым езуітам, у гонар якіх названы малыя планеты. Найбольш вядомыя з іх — заснавальнік Таварыства Езуса святы Ігнацый Лаёла, а таксама аргентынскі астраном Буэнавэнтура Суарэс (1678–1750) і аўстрыйскі місіянер у Кітаі Іаган Грубер (1623–1680).

«Я мала што ведаю пра гэты астэроід, — з усмешкай прызнаецца а. Корбаллі. — У дыяметры ён каля мілі або крыху меншы — гэта малое нябеснае цела». «Маё імя, як і імёны іншых езуітаў, напэўна, выглядае крыху эксцэнтрычна ў касмічных рэестрах. Не ведаю, наколькі яны там дарэчныя», — дадае ён.

Па словах святара, сам астэроід круціцца паміж Юпітэрам і Марсам у так званым Галоўным поясе астэроідаў, дзе іх вельмі шмат.

Яны з’яўляюцца рэшткамі матэрыялу ад утварэння Сонца і бліжэйшых планет — Меркурыя, Венеры, Зямлі і Марса.

Айцец Корбаллі нарадзіўся ў Лондане і зацікавіўся астраноміяй у каледжы езуітаў у графстве Ланкашыр. «Цудоўнае чыстае неба ў вясковай глушы, — узгадвае святар. — Яснае паветра, цудоўная бачнасць, а зоркі такія ашаламляльныя». У той час маці дасылала яму поштай артыкулы пра начное неба, а ён цэлыя ночы вывучаў яго проста вачыма, пакуль школьны тэлескоп быў няспраўны.

На думку а. Корбаллі, яго астэроід, магчыма, будзе існаваць яшчэ доўга пасля таго, як усе, хто жыве сёння на Зямлі, сыйдуць у вечнасць.

Абноўлена 06.07.2020 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця