Падчас рэстаўрацыі фрэсак капэлы Кіджы ў рымскім касцёле Санта-Марыя-дэль-Попала, магчыма, была выяўлена яшчэ адна праца Рафаэля.
Як паведамляе сайт навінаў мастацтва Theartnewspaper, над стварэннем фрэскі, якая паказвае чатырох Сібіл у атачэнні анёлаў, над уваходнай аркай капліцы Рафаэль працаваў у 1513–1514 гадах. Гэтая капліца прысвечана сябру і заступніку мастака сіенскаму банкіру Агосціно Кіджы ў невялікім рымскім касцёле Санта-Марыя-дэль-Попала, вядомым таксама сваім клуатрам праекта Данато Брамантэ і барочным фасадам П’етро з Картоны, што лічыцца адной з апошніх прац вялікага майстра, якую завяршылі ўжо яго вучні.
У лютым 2019 года па ініцыятыве Антоніё Фарчэлліна, архітэктара, рэстаўратара і прызнанага эксперта па эпосе Адраджэння, аўтара дзвюх манаграфій, прысвечаных Рафаэлю, у капэле Кіджы распачаліся рэстаўрацыйныя працы.
«Калі я займаўся рымскім перыядам Рафаэля, у тым ліку гісторыяй ягонага сяброўства з Агосціно Кіджы, у той час самым вялікім банкірам Еўропы, я шмат думаў таксама і пра фрэскі ў капэле Кіджы. Ужо на пачатку XVII стагоддзя яны знаходзіліся ў кепскім стане з-за пастаяннай вільготнасці. Непасрэдна пад касцёлам працякалі грунтовыя воды, якія асушылі толькі 25 гадоў таму», — распавёў рэстаўратар італьянскай газеце Corriere della Sera.
Знайшоўшы прыватных спонсараў і атрымаўшы згоду гарадскіх уладаў, Фарчэлліна адразу ж прыступіў да працы па ачыстцы і замацаванню фрэсак з вышыні 14-метровых рыштаванняў. Па яго словах, праца ішла наперад вельмі павольна: «літаральна на два квадратных сантыметры» за дзень.
У сакавіку 2020 года з-за каранціну працы прыйшлося прыпыніць, затое ў маі пасля іх аднаўлення рэстаўратара чакала сапраўднае адкрыццё.
«Дзве пілястры па баках фрэскі практычна заўсёды былі пакрытыя тынкоўкай. Калі я пачаў яе здымаць, спачатку праступіла золата — самы красамоўны сімвал багацця Агосціна Кіджы, а потым паступова на левай пілястры стаў відаць дэкор у стылі гратэску з выявай сатыра з кошыкам», — кажа Антоніё Фарчэлліна.
Гэтае адкрыццё дае яму падставу выказаць здагадку, што па задуме Рафаэля сцэнаграфія фрэскі пачыналася з «падвойных пілястраў», сумешчаных рэальных і ілюзорных, — прыём, які пазней выкарыстоўвалі мастакі барока. Фарчэліно перакананы, што адкрыццё «падвойных пілястраў» дазваляе не згаджацца з тымі навукоўцамі, гісторыкамі мастацтва, якія лічаць, што Рафаэль не завяршыў працу над фрэскай.
«Гэтае адкрыццё важнае таму, што гаворка ідзе пра апошні твор вялікага майстра», — мяркуе рэстаўратар. Цікава, што ў маі ў зале Канстанціна Вялікага ў Ватыкане былі выяўленыя дзве фігуры, створаныя Рафаэлем, хоць раней лічылася, што зала цалкам распісаная майстрамі яго школы па эскізах.