На 3 мая анансавана адкрыццё Ватыканскіх музеяў для наведвальнікаў. З прычыны сітуацыі санітарных абмежаванняў гэтая ўстанова, якая заўсёды выклікала вялікую цікавасць сярод пілігрымаў і турыстаў, за час пандэміі не аднойчы ўводзіла лакдаўн.
Як нагадала дырэктар галерэі Барбара Джата, словы якой прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, нягледзячы на існуючыя абмежаванні, падрыхтоўка да святкавання 500-годдзя смерці Рафаэля працягваецца.
На верасень запланавана міжнародная канферэнцыя, якая, калі дазволяць умовы, пройдзе ў фармаце афлайн, з рэальнай прысутнасцю яе прамоўцаў і ўдзельнікаў.
Барбара Джата нагадала, што ў мінулым годзе ў Ватыканскіх музеях ужо ладзіліся мерапрыемствы ў гонар славутага італьянскага жывапісца, графіка і архітэктара Рафаэля Санці (1483–1520). У прыватнасці, адбылася выстава яго габеленаў у Сікстынскай капэле. Таксама была нанава адкрыта восьмая зала Ватыканскай галерэі, дзе змешчаны адрэстаўраваныя габелены і тры алтарныя інсталяцыі, якія прадстаўляюць тры фазы дзейнасці Рафаэля. Карціны, пра якія ідзе гаворка, былі змешчаны ў раней знойдзеных і адноўленых старажытных рамах.
«Мы не спынілі сваёй дзейнасці, асабліва ў сферы ўвядзення лічбавых праграм і развіцця нашых каналаў у сацыяльных сетках, — адзначыла дырэктар Ватыканскіх музеяў. — Нядаўна мы зрабілі важнае пераабсталяванне, перш за ўсё я маю на ўвазе так званую Залу Канстанціна або чацвёрты „Пакой“ Рафаэля ў Ватыкане. Працягваюцца рэстаўрацыйныя працы на апошняй сцяне, якая неўзабаве будзе адкрыта».