Пошук

05.06.2020 18:13   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Благаслаўлёны Ежы Папялушка. Фота: Warszawa.gosc.pl

З нагоды 10-й гадавіны беатыфікацыі ксяндза Ежы Папялушкі ў касцёле святога Станіслава Косткі ў варшаўскім раёне Жалібож будзе ўсталявана вітрына з прадметамі, якія меў з сабой святар у дзень мучаніцкай смерці.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, вітрыну можна будзе пабачыць у капліцы з рэліквіямі благаслаўлёнага, якая знаходзіцца ў гэтым касцёле і 6 чэрвеня зноў будзе адкрыта для вернікаў.

Сярод выстаўленых прадметаў, напрыклад, залаты медалік, які меў на сабе ксёндз Папялушка, выклік на допыт у пракуратуру, металічны абразок Маці Божай з Дзіцяткам, якая схіляецца над жаўнерам Арміі Краёвай, запальнічка з надпісам «Салідарнасць».

Раней для агляду ў касцёле была выстаўлена сутана, у якой загінуў гэты святар, выкрадзены і забіты супрацоўнікамі Службы бяспекі 19 кастрычніка 1984 г.

Там жа знаходзіцца музей ксяндза Ежы Папялушкі, заснаваны ранейшым пробашчам ксяндзом прэлатам Тэафілам Багуцкім у хуткім часе пасля мучаніцкай смерці святара. У 2004 г. стараннямі новага пробашча ксяндза Зыгмунта Малацкага музей атрымаў сучасную мультымедыйную форму.

У дзевяці залах музея змешчана некалькі тысяч экспанатаў, у тым ліку асабістыя рэчы ксяндза Папялушкі, прадметы, звязаныя з яго мучаніцкай смерцю, фотаздымкі, відэа- і аўдыёпрэзентацыі.

Фота: Paweł Kęska / ekai.pl

Аўтары экспазіцыі прадстаўляюць благаслаўлёнага як святара, які адказаў на атрыманыя знакі Бога і два гады рыхтаваўся да мучаніцтва. Ён жадаў быць святаром у канкрэтных гістарычных абставінах, для людзей, якіх Бог паставіў на яго шляху.

Ён быў сведкам Хрыста ў цяжкія часы і многіх прывёў да Пана сваім прыкладам.

Дзве вітрыны, змешчаныя ў капліцы з рэліквіямі благаслаўлёнага, устойлівыя да ўсялякіх фізічных уздзеянняў, вогнеўстойлівыя, з рэгуляванай вільготнасцю і тэмпературай, з падсветкай.

Прадметы, якія з’яўляюцца сведкамі мучаніцтва і смерці святара, носяць сляды драматычных падзей, што здарыліся амаль 36 гадоў таму. Яны парэпаныя, забруджаныя. Дзякуючы дапамозе мясцовага музея ўдалося забяспечыць іх належнае захаванне, каб не даць матэрыялам сапсавацца і пакінуць на іх усе сляды драмы.

Фота: ekai.pl

З 1984 г. магілу ксяндза Папялушкі наведалі 23 мільёны пілігрымаў, найбольшую колькасць якіх склалі амерыканцы, французы і іспанцы.

Асоба святара-мучаніка і сёння карыстаецца нязменнай пашанай.

У Польшчы яго рэліквіі захоўваюцца прыблізна ў 990 месцах, у тым ліку ў прэзідэнцкай капліцы і ў капліцах розных вязніц.

Культ благаслаўлёнага распаўсюджаны і за мяжой, дзе яго рэліквіі знаходзяцца ў 448 святынях у 61 краіне, сярод якіх В’етнам, Паўднёвая Карэя, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

З 1984 года ў жалібожскі цэнтр дакументацыі было перададзена 570 сведчанняў аб ласках, атрыманых праз яго заступніцтва. 20 з іх маюць медыцынскія пацвярджэнні.

У Польшчы сёння 52 школы ў гонар благаслаўлёнага. Яго імя носяць 219 вуліц і плошчаў, з якіх пяць за мяжой, у тым ліку ў Нью-Ёрку і Будапешце.

Як сказаў агенцтву КАІ Павел Кенска з музея і цэнтра дакументацыі жыцця і культу кс. Ежы Папялушкі, мучанік застаецца для людзей з усяго свету важнай і ўніверсальнай постаццю, а не кімсьці з даўно мінулай гісторыі Польшчы. На яго думку, асобу і значэнне гэтага святара ўсё яшчэ трэба адкрываць, між іншым таму, што шмат матэрыялаў яшчэ не апрацавана, не праведзены даследаванні ў архівах, дзе могуць быць каштоўныя матэрыялы, звязаныя з яго дзейнасцю і тым, як яна ацэньвалася.

Працэсія з рэліквіямі бл. Ежы Папялушкі пасля беатыфікацйнай св. Імшы. Варшава, 6 чэрвеня 2010 г. Фота: PAP/R. Pietruszka

Ксёндз Ежы Папялушка нарадзіўся ў 1947 г. у вёсцы Акопы на Беласточчыне, быў святаром, звязаным з польскім аб’яднаннем незалежных прафсаюзаў «Салідарнасць» і рабочымі.

Падчас Імшаў за Айчыну, якія ён цэлебраваў у касцёле св. Станіслава Косткі ў Варшаве, публічна крытыкаваў злачынствы камуністычнай улады. Адначасова, згодна з евангельскім прынцыпам «перамагай зло дабром», перасцерагаў ад нянавісці да функцыянераў гэтай сістэмы.

19 кастрычніка 1984 г. ксёндз Папялушка быў забіты афіцэрамі польскай Службы бяспекі.

Жорстка збіўшы святара, яны кінулі яго ў вадасховішча Віслы. Пахаваны на плошчы перад касцёлам св. Станіслава Косткі, душпастырам якога быў. У пахаванні ўдзельнічалі некалькі тысяч чалавек.

Беатыфікаваны 6 чэрвеня 2010 г. падчас святой Імшы на Плошчы Пілсудскага ў Варшаве. Цяпер ідзе працэс яго кананізацыі.

Абноўлена 05.06.2020 19:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа