Пошук

05.06.2020 11:09   Паводле: КАІ / Фота: Michaela Danelová / iROZHLAS.cz / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

4 чэрвеня на Старамесцкай плошчы, у самым сэрцы чэшскай сталіцы, на адноўленую Марыйную калону была ўстаноўлена фігура Маці Божай.

Марыйная калона была збудавана ў XVII стагоддзі як вотум удзячнасці жыхароў Прагі за абарону горада ад шведскага нападу ў 1648 годзе.

Старамесцкая плошча ў 1841 годзе. Гравюра Людвіга Рыхтэра / Wikipedia.org
У 1918 годзе калону ў гонар Маці Божай разбурыў натоўп антыклерыкальных радыкалаў, якія цалкам беспадстаўна лічылі гэты рэлігійны сімвал увасабленнем прыгнёту Чэхіі пад панаваннем Аўстра-Венгерскай дынастыі Габсбургаў.

Як перадала Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, будаўнічыя працы па аднаўленні Марыйнай калоны ў цэнтры Прагі яшчэ не скончыліся, а яе асвячэнне запланавана на 15 жніўня, калі адзначаецца ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Рэканструкцыю шаснаццаціметровай калоны, якую вянчае фігура Маці Божай вышынёю ў два метры, вядзе чэшскі скульптар Пётр Ваня і яго супрацоўнікі. Працы па аднаўленні распачаліся 17 лютага.

Першыя спробы аднавіць знішчаны помнік сакральнай архітэктуры чэшскага барока рабіліся ўжо ў 1918 годзе, аднак аказаліся бясплённымі з-за складанага палітычнага і міжнароднага становішча ў тыя часы, напрыканцы Першай сусветнай вайны. Адразу ж пасля «Аксамітнай рэвалюцыі» ў 1989 годзе, якая паклала канец савецкаму дамінаванню ў Чэхіі, простыя людзі стварылі камітэт па аднаўленні Марыйнай калоны. На гэтую пачэсную справу былі сабраныя неабходныя сродкі.

У межах экуменічнага дыялогу была дасягнута згода адносна таго, што для міжканфесійнай раўнавагі пражскія католікі вернуць на фасад суседняга касцёла Маці Божай перад Тынам залаты келіх — сімвал чэшскай рэфармацыі, а пратэстанты не будуць супраць аднаўлення калоны ў гонар Маці Божай.

Аднак гэтае пагадненне выканалі толькі католікі.

Манументальны келіх вярнуўся на фасад старадаўняга касцёла — архітэктурнай дамінанты Старамесцкай плошчы, але пры гэтым некаторыя грамадскія групы працягвалі апантана супраціўляцца вяртанню фігуры Маці Божай у сэрца старой Прагі. Вострыя дыскусіі вяліся не адзін год.

Справа нарэшце вырашылася шмат у чым дзякуючы намаганням Прымаса Чэхіі кардынала Дамініка Дукі ОР, які асвяціць адноўленую фігуру Маці Божай ва ўрачыстасць Унебаўзяцця.

Вяртанне Маці Божай на плошчу ў гістарычным цэнтры чэшскай сталіцы выклікала вялікую радасць у многіх жыхароў Прагі.

Абноўлена 05.06.2020 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця