Пошук

29.05.2020 13:31   Паводле: Сarkva-gazeta.by / Catholic.by
Ксёндз Вацлаў Грыневіч ОМІ. Фота: Deon.pl

26 мая ў шпіталі ў горадзе Люблінец (Польшча) адышоў у вечнасць ксёндз Вацлаў Грыневіч з законніцкай супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі (OMI) — вядомы тэолаг і экуменіст.

Як паведамляе сайт беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква», значнае месца ў яго тэалагічнай працы займала таямніца Хрыстовай Пасхі і багаслоўе старажытнай Русі.

Вацлаў Грыневіч нарадзіўся 23 ліпеня 1936 года на Падляшшы ў мястэчку Ламазы на гістарычнай Берасцейшчыне (сёння — Люблінскае ваяводства ў Польшчы). 8 верасня 1953 года даў першыя законніцкія абяцанні ў супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, а 26 чэрвеня 1960 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Ксёндз Вацлаў Грыневіч быў вядомым тэолагам і экуменістам, выдатным знаўцам багаслоўя Усходніх Цэркваў. Многія называлі яго «тэолагам надзеі і любові».

«Мы прызвычаіліся да падзелу ў хрысціянстве, і гэта, мабыць, адзін з найвялікшых нашых грахоў», — казаў ксёндз Вацлаў Грыневіч.

На працягу многіх гадоў святар быў звязаны з Люблінскім каталіцкім універсітэтам Яна Паўла II. Ён стаў сузаснавальнікам Экуменічнага інстытута Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта і з’яўляўся яго шматгадовым дырэктарам да 2005 года.

Фота: Filip Ćwik / NAPO IMAGES / FORUM

Ксёндз Грыневіч быў дарадцам у Папскай радзе па справах хрысціянскага адзінства (1979–1984) і сябрам Міжнароднай змяшанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой (1980–2005).

Ксёндз Вацлаў Грыневіч — аўтар многіх навуковых артыкулаў і багаслоўскіх кніг. Значнае месца ў ягонай тэалагічнай працы займала таямніца Хрыстовай Пасхі і багаслоўе старажытнай Русі.

Рэдакцыя беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква» ў 1997 годзе прычынілася да выдання брашуры з важным артыкулам тэолага «Пасхальныя матывы ў творах св. Кірылы Тураўскага». Багаслоўскі роздум ксяндза Вацлава Грыневіча над творамі св. Кірылы Тураўскага заахвочвае сённяшніх спадкаемцаў славутага Тураўскага епіскапа шукаць у таямніцы Пасхі Хрыстовай крыніцу для духоўнага адраджэння сучаснага грамадства.

Тэалагічная трылогія ксяндза Грыневіча «Хрыстус — наша Пасха» служыла асновай для духоўнай фармацыі духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Яго багаслоўская дзейнасць натхніла таксама на міжканфесійныя сустрэчы моладзі ў прыбужскім Кодані і ўніяцкай парафіі ў Кастамлотах.

Развітальныя абрады і пахаванне ксяндза Вацлава Грыневіча ОМІ адбудуцца ў санктуарыі Маці Божай Коданьскай у Кодані ў суботу 30 мая.

Будзе весціся прамая трансляцыя анлайн. Пачатак а 11-й гадзіне па мінскім часе.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Абноўлена 29.05.2020 14:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.