Пошук

22.05.2020 18:13   Паводле: Fides.org / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Thenational.ae

20 мая ў Камбоджы адзначаецца агульнанацыянальны дзень памяці ахвяраў чырвоных кхмераў, які напачатку насіў назву «Дня нянавісці», а сёння афіцыйна называецца «Днём праведнага гневу».

У гэты дзень жыхары гэтай азіяцкай краіны ўзгадваюць ахвяраў палітычнага тэрору, арганізаванага ў 1975–1979 гадах таталітарным камуністычным рэжымам чырвоных кхмераў на чале з дыктатарам Пол Потам, чыё імя стала побач з найбольш крывавымі злачынцамі ХХ стагоддзя — Гітлерам і Сталіным.

Аднак камбаджыйскія католікі не жадаюць вяртацца да тых трагічных падзей з гневам і імкненнем адпомсціць, зазначыў біскуп Пнампеня Аліўе Шмітхойслер.

Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва Fides, па словах іерарха, Касцёл не прымае такога падыходу.

Камбаджыйскія католікі перажываюць гэты дзень як дзень памяці, мучанікаў і прымірэння.

Разам з тым біскуп Шмітхойслер заўважыў, што абавязак хрысціянаў — памятаць пра злачынствы камуністычнага рэжыму. Да гэтага іх абавязвае таксама першы мясцовы біскуп Юзаф Чма Салас, які ў сваіх апошніх словах перад зняволеннем і мучаніцтвам папрасіў, каб свет даведаўся пра тое, што ён перажыў. Сёння яго імя адкрывае спіс з 14-і камбаджыйскіх мучанікаў, чый беатыфікацыйны працэс працягваецца з 2015 года.

Біскуп Аліўе Шмітхойслер таксама нагадаў, што сёлета прыпадае 30-я гадавіна адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Камбоджы.

14 красавіка 1990 года біскуп Эміль Дэтомб цэлебраваў пасхальную літургію ў адным з кінатэатраў сталіцы краіны Пнампеня. Запалены тады пасхал стаў яскравым знакам святла веры, якое не ўдалося згасіць у душах людзей жорсткім пераследнікам, дадае іерарх, які належыць да місіянерскай кангрэгацыі «Парыжскае таварыства замежных місій».

Абноўлена 22.05.2020 22:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.