Пошук

22.01.2021 12:22   Паводле: usccb.org / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Хасэ А. Гомэс. Фота: CNS / Bob Roller

Пра выклікі, якія стаяць перад Касцёлам, каталіцкай супольнасцю і ўсім амерыканскім народам напісаў у сваім спецыяльным паведамленні Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў арцыбіскуп Лос-Анджэлескі Хасэ Арасіё Гомэс.

Гэтае паведамленне кіраўніка амерыканскага епіскапату было апублікавана на партале Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў usccb.org у дзень інаўгурацыі 46-а прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна, якая адбылася 20 студзеня.

«Сёння я яднаюся ў малітве з нашым новым прэзідэнтам і яго сям’ёй. Я малюся аб тым, каб Бог адарыў яго мудрасцю і адвагай весці гэты вялікі народ і дапамагчы яму перанесці выпрабаванне гэтага часу, залячыць раны, нанесеныя цяперашняй пандэміяй, пераадолець нашыя глыбокія палітычныя і культурныя падзелы, а таксама з’яднаць людзей з адноўленай руплівасцю ў імя мэтаў заснавальнікаў Амерыкі, каб мы былі адным народам, які належыць Богу і паважае свабоду і роўнасць для ўсіх.

Каталіцкія біскупы — не пабочныя назіральнікі ў палітыцы нашай дзяржавы. Мы — пастыры, якія нясуць адказнасць за душы мільёнаў амерыканцаў і прадстаўляюць патрэбы ўсіх нашых бліжніх.

У кожнай супольнасці ва ўсёй краіне каталіцкія парафіі, школы, шпіталі і душпастырскія ініцыятывы ствараюць неабходную культуру спачування і апекі, служачы жанчынам, дзецям і старэйшым, бедным і хворым, вязням, мігрантам і маргіналам, без адрознення расавай і рэлігійнай прыналежнасці. Калі мы гаворым пра пытанні амерыканскага грамадскага жыцця, стараемся кіравацца сумленнем і прапануем прынцыпы. Гэтыя прынцыпы ўкаранёныя ў Евангеллі Езуса Хрыста і ў сацыяльным вучэнні Яго Касцёла.

Езус Хрыстус аб’явіў Божы план любові да стварэння і абвясціў праўду пра чалавечую асобу, створаную паводле Божага вобразу, адораную Боскай годнасцю, правамі і абавязкамі і пакліканую да трансцэндэнтнага прызначэння. Грунтуючыся на гэтых праўдах, якія знайшлі адлюстраванне ў Дэкларацыі незалежнасці і ў Білі аб правах Злучаных Штатаў, каталіцкія біскупы і вернікі выконваюць запаведзь Хрыста любіць Бога і бліжніх, працуючы на карысць Амерыкі, якая ахоўвае чалавечую годнасць, пашырае роўнасць і магчымасці для кожнага чалавека, а таксама адкрытая для церпячых і слабых.

Ужо шмат гадоў Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў намагаецца дапамагаць католікам і ўсім людзям добрай волі ў іх успрыманні палітычных пытанняў з дапамогаю публікацыі, якая называецца Фармаваннем сумленняў дзеля згоднага з верай грамадзянства (Forming Consciences for Faithful Citizenship). Апошняе выданне закранае шырокі спектр пытанняў, сярод якіх аборты, эўтаназія, смяротнае пакаранне, іміграцыя, расізм, беднасць, абарона навакольнага асяроддзя, рэформа сістэмы крымінальнага правасуддзя, эканамічнае развіццё і мір паміж народамі.

У гэтых і іншых пытаннях наш абавязак любові і нашыя маральныя прынцыпы вядуць нас да разважлівых меркаванняў і пазіцый, якія не атаясамліваюцца з палітычнымі катэгорыямі „левых“ ці „правых“ або з праграмамі нашых дзвюх галоўных палітычных партый.

Мы супрацоўнічаем з кожным прэзідэнтам і з любым Кангрэсам. У некаторых пытаннях мы падтрымліваем дэмакратаў, аднак у іншых выступаем паплечнікамі рэспубліканцаў. Нашыя прыярытэты ніколі не абмяжоўваюцца. Мы перадусім католікі, якія хочуць толькі верна ісці за Езусам Хрыстом і развіваць Яго бачанне чалавечага братэрства і супольнасці.

Я маю надзею на супрацоўніцтва з прэзідэнтам Байдэнам і яго адміністрацыяй, а таксама з новым Кангрэсам. Як і пры кожнай адміністрацыі, будуць сферы, па якіх мы згодныя і шчыльна супрацоўнічаем, а таксама сферы, у якіх мы вядзем прынцыповую дыскусію і выступаем з моцным пратэстам.

Супрацоўніцтва з прэзідэнтам Байдэнам, тым не менш, будзе асаблівым, паколькі ён наш першы за апошнія 60 гадоў прэзідэнт, які вызнае каталіцкую веру. У час росту агрэсіўнага секулярызму ў амерыканскай культуры, калі вернікі стаяць перад шматлікімі выклікамі, значнай падтрымкай стане актыўная пазіцыя прэзідэнта, які глыбока і асабіста разумее значэнне веры і рэлігійных інстытутаў.

Пабожнасць і гісторыя жыцця спадара Байдэна, яго кранальнае сведчанне таго, як ягоная вера дала яму палёгку ў змрочны час трагедый, яго працяглая дзейнасць на карысць прыярытэту Евангелля для бедных — усё гэта, на маю думку, дае надзею і натхняе.

У той жа час, як пастырам, біскупам народа нам даручаны абавязак абвяшчаць Евангелле ва ўсёй яго праўдзе і моцы, у час і не ў час, нават калі гэтае вучэнне невыгоднае або калі евангельскія ісціны не адпавядаюць тэндэнцыям, якія пануюць у грамадстве і ў культуры.

Таму я павінен звярнуць увагу на тое, што наш новы прэзідэнт прыняў на сябе абавязак праводзіць пэўныя палітычныя лініі, якія будуць несці з сабою маральнае зло і пагрозу для чалавечага жыцця і годнасці, асабліва ў сферы абортаў, кантрацэпцыі, сужэнства і гендэрнай ідэалогіі.

Глыбокую занепакоенасць выклікае пытанне свабоды Касцёла і свабоды вернікаў жыць згодна са сваім сумленнем.

Нашыя заявы па пытаннях чалавечай сексуальнасці і сям’і, таксама як і нашыя заявы ў кожнай іншай сферы, напрыклад, адносна адмены смяротнага пакарання ці сістэмы аховы здароўя і эканомікі, якія сапраўды служаць чалавечай асобе, кіруюцца вялікай запаведдзю Хрыста любіць і быць салідарнымі з нашымі братамі і сёстрамі, асабліва з найслабейшымі з іх.

Для біскупаў народа несправядлівасць абортаў, якая ўсё яшчэ працягваецца, застаецца „найважнейшым прыярытэтам“. „Найважнейшым“ не азначае „адзіным“. Мы адчуваем моцную трывогу ў сувязі са шматлікімі пагрозамі для чалавечага жыцця і годнасці ў нашым грамадстве. Але, як вучыць Папа Францішак, мы не можам маўчаць, калі амаль мільён ненароджаных чалавечых жыццяў год за годам адкідаюцца ў нашай краіне з-за абортаў.

Аборт — гэта непасрэдны напад на жыццё, які раніць таксама жанчыну і наносіць шкоду сям’і. Гэта не толькі прыватная справа: гэта выклікае занепакоенасць і ставіць самыя важныя пытанні пра братэрства, салідарнасць і прыналежнасць да чалавечай супольнасці. Гэта таксама пытанне сацыяльнай справядлівасці. Мы не можам ігнараваць рэальнасць, у якой паказчыкі абортаў значна вышэйшыя сярод бедных і меншасцяў, і гэтая працэдура рэгулярна выкарыстоўваецца дзеля знішчэння дзяцей, якія б нарадзіліся з інваліднасцю.

Я спадзяюся на тое, што новы прэзідэнт і яго адміністрацыя замест абяцанага далейшага навязвання абортаў і кантрацэпцыі будуць супрацоўнічаць з Касцёлам і іншымі людзьмі добрай волі.

Я спадзяюся на тое, што мы можам распачаць дыялог, каб заняцца складанымі культурнымі і эканамічнымі прычынамі, якія стымулююць аборты і выклікаюць страх у сем’яў. Я таксама спадзяюся на тое, што мы зможам разам працаваць над тым, каб нарэшце ажыццявіць сумесную сямейную палітыку ў гэтай краіне, якая прызнае асноватворнае значэнне моцных сужэнстваў і бацькоўства дзеля дабра дзяцей і стабільнасці супольнасцяў.

Калі прэзідэнт з усёй павагай да рэлігійнай свабоды Касцёла ўключыцца ў гэты дыялог, гэта стане значным крокам да аднаўлення грамадскай раўнавагі і аздараўлення патрэб нашай краіны.

Заклік прэзідэнта Байдэна да аздараўлення краіны і адзінства з задавальненнем прымаецца на ўсіх узроўнях. Яно сапраўды востра патрэбна, бо мы ў нашай краіне павінны супрацьстаяць балючым наступствам каранавірусу і сацыяльнай ізаляцыі, якая толькі паглыбіла сур’ёзныя і даўнія падзелы сярод нашых суграмадзянаў.

Як веруючыя людзі мы разумеем, што аздараўленне — гэта дар, які мы можам атрымаць толькі з рук Бога. Мы таксама ведаем, што сапраўднае прымірэнне патрабуе гатоўнасці цярпліва слухаць тых, хто з намі не згаджаецца, і жадання прабачыць і адмовіцца ад помсты. Хрысціянская любоў заклікае нас любіць нашых ворагаў і благаслаўляць тых, хто нас пераследуе, а таксама адносіцца да іншых людзей з такім самым спачуваннем, якога мы жадаем у адносінах да сябе.

Мы ўсе знаходзімся пад чуйным вокам Бога, які ведае і можа ацаніць намеры нашых сэрцаў. Я малюся аб тым, каб Бог даў нашаму новаму прэзідэнту і ўсім нам ласку шчыра імкнуцца да супольнага дабра.

Усе нашыя надзеі і занепакоенасці ў гэты новы момант я даручаю чуламу сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Хрыста і Апякунцы гэтага незвычайнага народа. Няхай Яна вядзе нас шляхам міру і выпрасіць для нас мудрасць, а таксама ласку сапраўднага патрыятызму і любові да радзімы».

Абноўлена 23.01.2021 00:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.