У Францыі працягваецца дыскусія пра далейшы лёс славутай парыжскай катэдры Нотр-Дам, моцна пашкоджанай пажарам 15 красавіка 2019 года.
З-за пандэміі каранавірусу працы па адбудове святыні былі часова прыпынены, затое актывізаваўся працэс прапановы розных праектаў адносна канчатковага выгляду катэдры і яе прызначэння пасля аднаўлення.
Разам з тым, усё часцей чуваць галасы, якія заклікаюць гэты сімвал гісторыі і велічы Парыжа і ўсёй Францыі ператварыць у музей і перастаць выкарыстоўваць гэтую каталіцкую святыню, будаўніцтва якой вялося з другой паловы ХІІ стагоддзя, па яе асноўным прызначэнні.
Першапачаткова сакральны характар і аднаўленне набажэнстваў у Нотр-Даме пасля адбудовы ні ў каго не выклікала сумненняў. Гэта падкрэсліў арцыбіскуп Парыжскі Мішэль Апці падчас святой Імшы, якую з каскай на галаве цэлебраваў у святыні праз два месяцы пасля пажару. Іерарх нагадаў, што гэта перадусім месца рэлігійнага культу, а вуглавым каменем катэдры з’яўляецца сам Хрыстус. У такім самым духу выказаўся пазней таксама ксёндз прэлат Франчэско Фолла, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ЮНЕСКА, сядзіба якой знаходзіцца ў Парыжы.
Аднак неўзабаве пачалі гучаць галасы пра магчымую змену прызначэння святыні пасля аднаўлення. Больш за тое, было нагадана, што падобныя погляды існавалі і раней. Напрыклад, французскі архітэктар Эжэн Эмануэль В’ёле-лё-Дзюк, які ў ХІХ ст. адбудаваў нямала закінутых гістарычных касцёлаў, некаторыя з якіх сталі ахвярамі французскай рэвалюцыі, думаў пра тое, як надаць сімвалу Парыжа «сучаснае архітэктурнае аблічча».
Сучасны архітэктар Рэмі Фрамон, які займаецца рэстаўрацыяй архітэктурных помнікаў і аднаўленнем катэдры пасля пажару, заўважыў:
«Гэты будынак чымсьці большы за ўсе іншыя, ён мае ў сабе штосьці духоўнае, але і матэрыяльнае, і я лічу, што ён пакрысе з’яўляецца ўсім гэтым. Ёсць штосьці, што злучае ў адно ўсе гэтыя камяні».
На наступны дзень пасля катастрофы прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сваім выступе па тэлебачанні на тэму Нотр-Дама ані разу не згадаў пра яго як пра каталіцкую катэдру, нават ні слова не сказаў пра яго хрысціянскае прызначэнне, а з Елісейскага палацу, які з’яўляецца сядзібай кіраўніка Рэспублікі, выйшла інфармацыя пра тое, што ёсць праект унесці ў катэдру падчас яе аднаўлення «пэўныя сучасныя архітэктурныя элементы». Пазней міністр унутраных спраў Францыі Крыстоф Кастанэр сфатаграфаваўся на фоне святыні такім чынам, каб на здымку не было відаць крыжа, а Жан-П’ер Сэрвэль, вялікі магістр Вялікай ложы Усходу Францыі (галоўнай масонскай арганізацыі ў краіне), заявіў, што бачыць у катэдры выключна архітэктурны помнік, а не месца культу.
Нават на старонках французскага каталіцкага штодзённіка «Ля Круа» з’явіўся артыкул, аўтар якога медыевіст Мішэль Патуро прапанаваў у якасці «меншага зла» ператварыць Нотр-Дам у музей.
Ён задаў рытарычнае пытанне адносна таго, што рабіць «людзям, якія прыходзяць у гэтае месца на малітву ці, прынамсі, на медытацыю, калі там цэлы дзень таўкуцца натоўпы турыстаў, якія не заўсёды прытрымліваюцца агароджы, што аддзяляе іх ад тых, хто прыйшоў памаліцца падчас Імшаў і набажэнстваў». У гэтай сітуацыі ён лічыць, што немагчыма прыйсці да кампрамісу паміж інтарэсамі турыстаў і вернікаў, і таму прапануе дэкансэкраваць катэдру пасля яе аднаўлення.
Сакральны характар галоўнай святыні Парыжа адстойвае перадусім яе рэктар ксёндз прэлат Патрык Шавэ. У падрыхтаваным ім дасье пад назваю «Уратаваць Нотр-Дам» ён падкрэсліў, што святыня — гэта «душа чалавечнасці, якая спачывае на гэтай грудзе цудоўна выкладзеных камянёў, нібы геній».
Святар нагадаў таксама пра барацьбу ў абарону духоўнага вымярэння катэдры, якую назваў «таямніцай Марыі».
Парадаксальна, што гэтая дыскусія, якая выклікае занепакоенасць, адбываецца ў год, калі Касцёл у Францыі адзначае 600-ю гадавіну з дня нараджэння святой Жанны Д’Арк і юбілей апякункі Парыжа святой Жэнеўевы ў гонар 1600-годдзя з дня яе нараджэння. Акрамя таго, сёлета прыпадае юбілей яшчэ адной славутай парыжскай святыні — базылікі Сакрэ-Кёр (Найсвяцейшага Сэрца) на Манмартры, пабудаванай па жаданні народа Францыі, цалкам секулярызаванай пасля рэвалюцыі.
Усё гэта сведчыць пра багатую хрысціянскую традыцыю Францыі, якой ужо шмат стагоддзяў. З ёю доўгі час спрабуюць змагацца, і сёння гэта праяўляецца не толькі ў жаданні пэўных сіл ператварыць парыжскую катэдру Нотр-Дам у музей, але і ва ўсё больш частых нападах на касцёлы па ўсёй краіне. Акрамя таго, у Францыі няспынна павялічваецца колькасць дэкансэкраваных касцёлаў, якія ўжо даўно не выкарыстоўваюцца для літургічных мэтаў, паколькі колькасць святароў у краіне катастрафічна зменшылася.
Паводле апошніх дадзеных, сёлета прэзбітэрскае пасвячэнне прымуць толькі 114 дыяканаў (год таму іх было 133), сярод якіх 82 будуць дыяцэзіяльнымі святарамі.
Пакуль няма дакладных звестак пра колькасць зачыненых касцёлаў, але вядома, што Францыя па гэтым паказчыку займае ў Еўропе першае месца.
З падобнымі праблемамі сутыкаюцца таксама іншыя краіны: Бельгія, Галандыя, Швейцарыя, ЗША і Канада.
Зачыненыя святыні або разбураюцца, або іх ператвараюць у музеі, або цалкам змяняюць прызначэнне, і тады ў былых касцёлах размяшчаецца ўсё, што заўгодна, нават начныя клубы. Выбар на карысць музея ў такіх выпадках аказваецца лепшым за разбурэнне ці ператварэнне ў клуб, бо ў такім выпадку касцёл найчасцей захоўваецца ў ранейшым выглядзе, а творы мастацтва, змешчаныя ў ім, так ці інакш сведчаць пра Бога.
Дыскусія адносна будучыні Нотр-Дама носіць перадусім культурны характар і шмат гаворыць пра секулярны падыход, пры якім усё выкарыстоўваецца для кантролю над Касцёлам. Так адбывалася і падчас Вялікай французскай рэвалюцыі напрыканцы XVIII ст., калі парыжскую катэдру Маці Божай спачатку ператварылі ў «храм розуму», а потым у стайню. Падобнае варварства адбывалася і на нашых землях, калі пасля кастрычніцкага перавароту злачынная савецкая ўлада рабіла з касцёлаў і цэркваў склады і заводы або музеі і канцэртныя залы.
Штосьці падобнае сёння спрабуюць зрабіць і з велічнай катэдрай Нотр-Дам у Парыжы