Пошук

20.05.2020 16:31   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

У газеце The New York Times выйшаў вялікі артыкул «Будучыня хрысціянства». Яго аўтар Тара Ізабэла Бёртан, англіканка, даследчыца рэлігійных трэндаў у сучаснай амерыканскай культуры, засноўвае свае разважанні ў значнай ступені на відэа рэлігійных абрадаў ва ўмовах пандэміі.

На пачатку яна падзялілася назіраннямі з уласнага жыцця. Яна ўдзельнічала ў літургіі ў англіканскай супольнасці св. Ігнацыя з Антыёхіі ў Нью-Ёрку, якая транслявалася ў інтэрнэце. З-за адсутнасці хору арганіст выкарыстоўваў грыгарыянскую Імшу, прапануючы вернікам літургічны спеўнік Liber Usualis ХІ стагоддзя.

У сваю чаргу ў Вялікую суботу апоўначы аўтарка і яе муж запалілі дома свечкі і слухалі словы гімну Exultet: «Просім Цябе, Пане, няхай гэтая свечка, благаслаўленая на хвалу Твайго Імя, нястомна ззяе, каб рассеяць цемру гэтай ночы».

Гэтыя словы, піша Бёртан, набылі цалкам новае значэнне, калі за акном было чуваць сірэны машын хуткай дапамогі, якія везлі ў шпіталь чарговых хворых на каранавірус.

Даследчыца адзначае вяртанне да глыбейшых, містычных, «праўдзівых» рэлігійных каранёў, што цяпер назіраецца ва ўсёй амерыканскай рэлігійнай культуры, асабліва ў англіканстве і лютэранстве. Прычынай гэтага вяртання яна называе «размыванне» звышнатуральных элементаў веры: недахоп веры ў цуды, а нават і ва Уваскрасенне Хрыста, у гэтых супольнасцях. Цяпер жа яны адкрываюць, што, напрыклад, старажытная тэалогія можа лепш адказваць на сённяшнія праблемы, чым любы з сучасных спробаў іх вырашэння.

У Амерыцы ўжо даўно кажуць пра «паўзучую секулярызацыю» або пра «постхрысціянскую культуру», што пацвярджае статыстыка.

Сёння 43 працэнты амерыканцаў лічаць сябе пратэстантамі, у той час як 13 гадоў таму гэты паказальнік складаў 51 працэнт. Паменшылася на 4 працэнты і колькасць католікаў — да 20 працэнтаў. Замест гэтага пачаўся рост колькасці тых, хто «не звязаны ні з якой рэлігіяй»: сёння такімі сябе называюць чвэрць дарослых амерыканцаў — на 16 працэнтаў больш, чым у 2007 г.

Акрамя гэтага, з’явілася катэгорыя «калядна-велікодных» хрысціян, якія перасталі хадзіць на нядзельныя Імшы і набажэнствы. Сёння ў іх рэгулярна ўдзельнічаюць 40 працэнтаў католікаў і трэцяя частка пратэстантаў. Касцёльны шлюб бяруць сёння 22 працэнты амерыканцаў — на 41 працэнт менш, чым у 2009 г. Навукоўцы з Гарвардскай школы тэалогіі Каспер тэр Кайл, Анджэла Тарсан і Сью Філіпс сцвердзілі, што традыцыйныя элементы рэлігійнага жыцця — супольнасць, рытуал і інтэнцыі набажэнстваў — перасталі быць узаемазвязанымі (unboundled) для многіх людзей.

У гэтым кантэксце аўтарка артыкула ў The New York Times прапануе смелы тэзіс, што гэтыя секулярысцкія трэнды могуць змяняцца, хоць і вельмі асаблівым, не заўсёды прадбачаным раней чынам.

Напрыклад, праўда, што паступова змяншаецца колькасць амерыканскіх католікаў, якія ўдзельнічаюць у нядзельнай Імшы, але праўда і тое, што расце колькасць удзельнікаў Імшы на лацінскай мове. Гэтую тэндэнцыю можна было заўважаць ужо некалькі гадоў. Магчыма, людзям больш патрэбны якісьці містычны элемент у набажэнствах. (Душпастыр палякаў у Японіі а. Павел Янацінскі, які час ад часу цэлебруе Імшу для католікаў на амерыканскай базе каля Токіо, пацвярджае гэтую зацікаўленасць спевам частак лацінскай грыгарыянскай Імшы.)

У сваю чаргу некаторыя пратэстанцкія супольнасці, якія раней высмейвалі «кадзіла і званы», цяпер пачынаюць «адкрываць і прымаць хрысціянскую літургію». Прыкладам можа быць пратэстанцкая супольнасць New Life Church (Царква Новага Жыцця) у Каларада-Спрынгс. Іншыя супольнасці звяртаюцца да каталіцкага Афіцыя за памерлых, калі моляцца за спачылых. Па словах Тары Ізабэлы Бёртан, сённяшняя сітуацыя пандэміі паказвае многім людзям, што «жыццё можа аказацца жорсткім і бясплённым, а разам з тым можа ствараць выклік да таго, каб звярнуцца да глыбокіх рэлігійных каранёў».

Падобнае меркаванне мае Род Дрэер, рэдактар часопіса The American Conservative і аўтар бестселера 2017 г. The Benedict Option («Выбар Бэнэдыкта»). Ён апісаў свае рэлігійныя адкрыцці наступным чынам: «У васьмідзясятыя гады, калі быў падлеткам, я адкідваў рэлігію, асабліва ў яе двух варыянтах: як нудны занятак сярэдняга класу або як пяцідзясятніцтва ў стылі пастара Джымі Свагерта, які страшыў „пякельным агнём“. Гэта мяне не цягнула. Але калі я змог упершыню ўбачыць катэдру ў французскім Шартры, мяне як быццам пацягнула да старажытных, рытуальных і эстэтычных форм хрысціянства. Гэта дапамагло выразіць таксама маё супраціўленне пачварнасці і пустаце сучаснай культуры».

Асабліва маладыя людзі звяртаюцца сёння да «больш патрабавальнага і трансцэндэнтнага ўспрымання рэлігіі».

Напрыклад, студэнт англіканскай семінарыі Бэн Кросбі прызнаўся, што дзейнасць у розных грамадскіх рухах пазбавіла яго «ілюзіі, быццам грамадскія праблемы можна вырашыць выключна палітычным чынам». Ён адзначыў, што «мы не можам збавіць самі сябе, толькі Бог можа гэта зрабіць», і дадаў: «Якая ж бедная культура, якая адкідвае звышнатуральнае вымярэнне».

Пандэмія паказала, што бачанне жыцця ў Амерыцы, заснаванае на «самарэалізацыі праз свабоду, каб дасягнуць тое, чаго жадаеш», не з’яўляецца самадастатковым. «Сёння аказваецца, што мы вельмі патрэбныя адзін аднаму. Хрысціянства прапануе штосьці больш здаровае, чым рэалізацыя сваіх мэтаў і патрэбаў.

Гэтая пандэмія можа аказацца адначасова крыжам, які неабходна прыняць, і нагодай да разважання, што такое любоў, якую аб’явіў нам найперш Хрыстус», — сказаў семінарыст.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця