Пошук

08.05.2020 18:34   Паводле: Asia News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

7 мая на 99-м годзе жыцця адышоў у вечнасць біскуп на пенсіі Наньянскай дыяцэзіі ў Кітаі Джозэф Джу Бааю, які нядаўна перанёс каранавірус і вылечыўся.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Asia News, іерарх шмат гадоў працаваў у так званым «падпольным» Касцёле і толькі ў 2011 годзе быў афіцыйна прызнаны ўладамі. У лютым біскуп Джу Бааю захварэў на каранавірус, але вылечыўся, стаўшы самым пажылым у Кітаі пацыентам, які справіўся з хваробай.

Джу Бааю нарадзіўся 2 ліпеня 1921 года ў акрузе Пуян правінцыі Хэнань на ўсходзе цэнтральнай часткі Кітая. Пасля смерці бацькі ён у шасцігадовым узросце разам з маці трапіў у дзіцячы дом.

Джу Бааю быў ахрышчаны, калі меў восем гадоў. У 1946 годзе ён паступіў у духоўную семінарыю ў Кайфыне. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1957 годзе. У 1964 годзе быў асуджаны на прымусовыя працы. Праз тры гады стаў душпастырам у сваіх родных мясцінах. У 1981 годзе быў асуджаны на 10 гадоў зняволення ў вязніцы, дзе яго «перавыхоўвалі» як «контррэвалюцыянера». Аднак ужо ў 1988 годзе Джу Бааю зноў змог заняцца душпастырствам.

19 сакавіка 1995 года прыняў біскупскае пасвячэнне і быў прызначаны дапаможным біскупам Наньянскай дыяцэзіі. Праз сем гадоў ён стаў дыяцэзіяльным біскупам.

У 2010 годзе Папа прыняў яго адстаўку з прычыны пажылога ўзросту.

Калі ж у 2011 годзе біскупа Джу афіцыйна прызналі кітайскія ўлады, яго зноў прызначылі біскупам Наньянскім, хоць пры гэтым быў прызначаны і ягоны наступнік на гэтай пасадзе.

У Наньянскай дыяцэзіі жывуць каля 20 тыс. католікаў. Служэнне нясуць каля 100 святароў і столькі ж сясцёр законных.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа