Пошук

07.05.2020 12:20   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: haberturk.com

3 мая ў Стамбуле ад каранавірусу памёр 78-гадовы Мюрат Дзілмэнер, сірыйскі хрысціянін, шырока вядомы як «лекар бедных».

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, нягледзячы на ўведзеныя абмежаванні, на пахаванне доктара сабраліся больш за сто ягоных калегаў, студэнтаў і супрацоўнікаў медыцынскага факультэта Стамбульскага ўніверсітэта. Такім чынам яны пажадалі аддаць даніну памяці і павагі да гэтага выключнага чалавека.

Дзілмэнер заразіўся новым каранавірусам на пачатку красавіка, але, нягледзячы на намаганні лекараў і ўсяго медперсаналу аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі шпіталя, праз некалькі тыдняў адышоў у вечнасць.

Мюрат Дзілмэнер нарадзіўся ў горадзе Мардзіне на паўднёвым усходзе Турцыі ў сям’і сірыйскіх хрысціянаў, якія з даўніх часоў жывуць у гэтым рэгіёне.

Ён з дзяцінства марыў служыць іншым людзям і падтрымліваў усе дабрачынныя ініцыятывы як у хрысціянскай супольнасці ў Мардзіне, так і пазней у Стамбуле, калі паступіў на медыцынскі факультэт мясцовага ўніверсітэта. Ён стаў першым у Турцыі выкладчыкам медыцыны хрысціянскага веравызнання.

У 2004 годзе дзяржаўныя ўлады распачалі супраць яго і яшчэ 135 іншых дактароў следства па падазрэнні ў тым, што яны без афіцыйнага дазволу і бясплатна апекаваліся хворымі з бедных сем’яў у адным з дзяржаўных шпіталяў Стамбула. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны ў сваёй дзейнасці незаконна карысталіся дзяржаўнымі сродкамі. Аднак неўзабаве стала відавочнаю беспадстаўнасць гэтых абвінавачванняў, а доктара Дзілмэнера турэцкія СМІ пачалі называць «лекарам бедных».

Абноўлена 07.05.2020 13:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця