Пошук

23.04.2020 16:22   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Арцыбіскуп Парыжскі Мішэль Апці. Фота: Lesalonbeige.fr

Арцыбіскуп Парыжскі з рэзкай крытыкай паставіўся да дзеянняў паліцыі, якая захацела спыніць нядзельную Імшу ў адным са сталічных касцёлаў.

Пра гэта паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Мы жывем у эпоху, якая нагадвае сумныя перыяды ў гісторыі Францыі, такія, як акупацыя», — сказаў арцыбіскуп Парыжскі Мішэль Апці. Ён дадаў, што ў адпаведнасці з законам узброеныя паліцэйскія могуць увайсці ў касцёл толькі са згоды пробашча або калі пад пагрозай знаходзіцца грамадскі парадак. На думку іерарха, гэты закон быў парушаны.

Здарэнне мела месца ў касцёле святога Андрэя. Пробашч ксёндз Філіп дэ Мэтр цэлебраваў Імшу для парафіі з трансляцыяй.

Згодна з абмежаваннямі, якія цяпер дзейнічаюць у краіне, у Эўхарыстыі маглі ўдзельнічаць толькі тыя, чыя прысутнасць неабходная для яе цэлебрацыі і трансляцыі.

У адпаведнасці з гэтым, акрамя святара ў касцёле былі арганіст, кантар, міністрант і трое вернікаў, якія чыталі Божае слова і малітву вернікаў.

Імша адбывалася пры зачыненых дзвярах, але, як адзначыў арцыбіскуп Апці, нейкі «зычлівы» сусед паведаміў паліцыі, што ў касцёле Імша цэлебруецца патаемна. Паліцэйскія ўварваліся ў святыню і загадалі спыніць літургію. Міністрант, які па збегу абставінаў таксама быў паліцэйскім, узяў на сябе пасрэдніцтва. У выніку Імша была ўзноўлена, але лектары мусілі пакінуць касцёл.

«Трэба захаваць здаровы сэнс і скончыць з гэтым цыркам», — сказаў арцыбіскуп Мішэль Апці, каментуючы скандальныя паводзіны паліцэйскіх.

Разам з тым ён перасцярог, што, калі гэта не зменіцца, трэба будзе пратэставаць больш рашучым чынам.

Абноўлена 23.04.2020 19:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа