Пошук

21.04.2020 11:10   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Санктуарый у Шылуве. Фота: lrt.lt

У марыйным санктуарыі ў Шылуве (Літва) распачалі незвычайную малітоўна-дабрачынную акцыю — «Карта святла», на якой анлайн можна пазначыць месца, дзе людзі моляцца аб спыненні пандэміі, а таксама ахвяраваць сродкі на барацьбу з хваробай.

Апошнім часам у СМІ часта з’яўляюцца карты, на якіх пазначаны ачагі эпідэміі каранавірусу. На «Карце святла», змешчанай на сайце марыйнага санктуарыя ў Шылуве, пазначаны месцы, дзе ўзносяцца малітвы аб спыненні пандэміі.

Напачатку гэта была выключна малітоўная ініцыятыва, але цяпер яна стала таксама дабрачынным праектам.

Пра яго польскай рэдакцыі парталу Vatican News распавёў біскуп Альгірдас Юравічус, Апостальскі адміністратар Каўнаскай архідыяцэзіі, на тэрыторыі якой знаходзіцца санктуарый у Шылуве.

«Праект пакліканы дапамагчы людзям ва ўсім свеце далучыцца да малітоўнага заступніцтва за тых, каго закранула пандэмія. Ён таксама дае магчымасць падтрымаць іх матэрыяльна», — растлумачыў літоўскі іерарх.

«Мэта гэтай ініцыятывы — пашырэнне паслання надзеі, што разам мы зможам ураўнаважыць статыстыку заражэнняў і смяротнасці статыстыкай малітвы, падтрымкі, адзінства і святла», — дадаў біскуп Юравічус.

На сённяшні дзень на «Карце святла» запалілася больш за тры з паловаю тысячы агеньчыкаў малітвы ў розных частках свету. Да акцыі далучыліся нават у Турцыі, Ізраілі і Кеніі. У межах праекту ўжо сабрана больш за трынаццаць з паловай тысяч еўра.

Далучыцца да акцыі і запаліць свой агеньчык на «Карце святла» можна тут:

Аб’яўленне Найсвяцейшай Панны Марыі ў Шылуве было адным з першых прызнаных марыйных аб’яўленняў у Еўропе. Яно адбылося ў 1608 годзе, пад канец стагоддзя рэлігійных канфліктаў, калі ў Літве пачынала пашырацца пратэстанцтва.

Марыйны санктуарый у Шылуве — гэта месца культу Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе людзі моляцца аб аздараўленні, аб паспяховым вырашэнні сямейных праблем, аб навяртанні дзяцей і сужонкаў.

У сувязі з гэтым Шылуву часам называюць літоўскім Люрдам, або Фацімай. Адзінае адрозненне ў тым, што тутэйшае месца культу Панны Марыі нашмат старэйшае за сусветна вядомыя марыйныя санктуарыі ў Францыі і Партугаліі.

Пабожнае ўшанаванне Багародзіцы дапамагло вернікам Літвы перажыць рэлігійныя хістанні ў бок пратэстанцтва, а таксама захаваць веру ў цяжкія часы нацысцкай і савецкай акупацый.

Вялікае значэнне санктуарыя ў Шылуве для рэлігійнага жыцця было прызнана Папамі. У 1993 годзе яго наведаў святы Ян Павел ІІ падчас свайго Апостальскага візіту ў краіны Балтыі. Яго наступнік Бэнэдыкт XVI благаславіў новыя залатыя кароны на абараз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам у Шылуве.

Абноўлена 21.04.2020 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця