Першы каталіцкі святы Кітая, Жан-Габрыэль Пербуар (1802–1840), прыняў мучаніцкую смерць ва Ухані — першым эпіцэнтры пандэміі каранавірусу.
Як паведамляе Благовест-инфо, агенцтва CNA паразмаўляла з Энтані Кларкам, прафесарам гісторыі, які правёў нейкі час у Кітаі, вывучаючы жыццё св. Жана-Габрыэля і іншага святога, Франсуа-Рэжы Кле (1748–1820), які таксама абвяшчаў хрысціянства ў Кітаі, за што прыняў мучаніцкую смерць.
Па меркаванні прафесара Кларка, праз заступніцтва гэтых святых трэба маліцца падчас пандэміі каранавірусу.
«І св. Пербуар, і св. Кле былі задушаны, гэта значыць яны памерлі, будучы пазбаўлены магчымасці дыхаць,
— кажа Кларк. — Яны — самыя падыходзячыя заступнікі, якія дапамагаюць ад гэтай хваробы».
Жан-Габрыэль Пербуар нарадзіўся ў сялянскай сям'і на паўднёвым захадзе Францыі. У 16 гадоў уступіў у Кангрэгацыю місій (лазарысты), пасля прыняў манаскія абяцанні, вучыўся і выкладаў у семінарыі, атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 1835 г. накіраваўся на місію ў Кітай. Спачатку правёў два гады ў Макао, дзе вывучаў кітайскую мову, пасля пачаў прапаведваць у правінцыях Хэнань і Хубэй.
У 1839 г. быў арыштаваны і перанёс катаванні, 15 верасня 1840 г. яго ўкрыжавалі і задушылі. Жан-Габрыэль Пербуар быў беатыфікаваны Папам Львом XIII у 1889 г., а ў 1996 г. Ян Павел ІІ кананізаваў яго. Франсуа-Рэжы Кле быў кананізаваны ў 2000 г. разам са 120 іншымі кітайскімі мучанікамі.
Ухань, сёння вядомы на ўвесь свет як горад, дзе пачалася пандэмія COVID-19, некалі быў цэнтрам каталіцкай місіі ў Кітаі.
Місіянеры адкрылі ў горадзе некалькі шпіталяў, на месцы якіх дагэтуль дзейнічаюць медыцынскія ўстановы. Так, побач з цэнтральным шпіталем Уханя ўсталяваны помнік біскупу Эўстакіо Дзанолі, які заснаваў шпіталь на гэтым месцы ў 1880 г.
Яшчэ адзін шпіталі ва Ухані быў адкрыты францішканамі і раней называўся ў гонар айца Мэі Жанчуня — пад такім імем у Кітаі быў вядомы італьянскі місіянер Паскуале Ангеліко Мелотто, забіты ў 1923 г. Яго выкралі дзеля выкупу, а потым стрэлілі яму ў жывот атручанай куляй. Перад смерцю а. Мэі Жанчунь сказаў, што быў шчаслівы прысвяціць сваё жыццё кітайцам і з радасцю памірае за іх. Названы ў яго гонар шпіталь знаходзіўся пад апекай сясцёр законных да 1952 г., калі з Кітая былі высланы ўсе каталіцкія місіянеры.
«Каталіцкая супольнасць Уханя моцна пацярпела пры Мао ў эпоху культурнай рэвалюцыі,
— распавёў прафесар Кларк. — Падчас пераследу католікі схавалі надмагільныя камяні св. Пербуара і св. Кле. Калі я быў ва Ухані, я наведаў семінарыю, дзе гэтыя камяні выстаўлены для ўшанавання». Парэшткі абодвух мучанікаў былі вывезены ў Францыю і пахаваны ў капліцы св. Вінцэнта дэ Поля, заснавальніка Кангрэгацыі місій.