Пошук

31.03.2020 10:32   Тэкст: Арцём Будзённы / РИА Новости / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Павел Пэццы. Фота: sib-catholic.ru

У інтэрв’ю Расійскаму інфармацыйнаму агенцтву РИА Новости Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі арцыбіскуп Павел Пэццы, Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, назваў адмаўленне рызыкі заражэння каранавірусам парушэннем Божай запаведзі «Не забівай».

— Ваша Эксцэленцыя, чаму выбухнула эпідэмія каранавірусу: гэта пакаранне звыш, кара Божая?

— Адразу ж, як толькі мы ўсвядомілі маштабы эпідэміі, я звярнуўся да нашых вернікаў са словамі пра тое, што каранавірус — гэта не праклён і не пакаранне ад Бога.

Праз гэтыя балючыя абставіны Бог паказвае чалавеку, што той не толькі не ўсемагутны, але наадварот — крохкая і ўразлівая істота.

Нягледзячы на ўсе свае дасягненні, чалавецтва не можа вырашыць праблему цярпення, смерці і зла. Бог паказвае нам, што мы маем патрэбу адно ў адным, што мы павінны клапаціцца пра нашых братоў і сясцёр.

— Чаму захворванне паражае ўсіх без адрознення, незалежна ад веры, расы, полу?

— Агульная бяда, якая абрынулася на нас, вельмі ясна дае да зразумення, што чалавечая сям’я — адзіная, нягледзячы на шматлікія штучныя бар’еры, якія мы будуем, каб аддзяліцца ад нашых братоў. Як піша Папа Францішак у сваёй энцыкліцы Laudato si', прысвечанай экалогіі: «Мы павінны добра ўсведамляць, што з’яўляемся адной чалавечай сям’ёй. Няма ні палітычных, ані сацыяльных бар’ераў, якія дазваляюць нам ізалявацца, і менавіта таму няма месца для глабальнай абыякавасці».

Гэта асабліва датычыцца вернікаў, якія пакліканы ўспрымаць свет як «таямніцу адзінства».

— За што Бог спасылае на чалавецтва хваробы?

— Калі ў Евангеллі Езусу Хрысту задаюць пытанне «за што?», Ён змяняе яго, кажучы: «дзеля чаго?» Калі і можна казаць пра «пакаранне» ад Бога, то толькі ў яго першапачатковым, сапраўдным сэнсе — не як кара, а як урок, напамін пра тое, якое каштоўнае і насамрэч святое чалавечае жыццё і кожны яго дзень.

Упэўнены, што многія з нас, азіраючыся назад, шкадуюць аб тым, як мала цанілі тую стабільнасць і ўпэўненасць, якую толькі ўчора яшчэ лічылі чымсьці належным.

А сёння мы марым пра тое, калі нарэшце ўсё гэта скончыцца, і мы зноў зможам рабіць тое, што рабілі раней. Забываючыся, што такім чынам мы губляем вялізную магчымасць дазволіць Богу змяніць нашае жыццё — жыць дзеля таго, што насамрэч сапраўднае і святое.

— Ці ёсць духоўная сувязь эпідэміі каранавірусу з часам рэлігійных святаў, рэлігійным календаром? Якая?

— Я думаю, ёсць вельмі глыбокі сэнс у тым, што эпідэмія супала з часам Вялікага посту, калі вернікі стараюцца часцей бываць на набажэнствах. І вось так сталася, што ў некаторых гарадах набажэнстваў няма наогул, а ў іншых магчымасць удзелу ў іх моцна абмежавана. І гэта разам з натуральнаю занепакоенасцю за жыццё і здароўе: сваё, сваіх блізкіх і сяброў.

У гэтых няпростых абставінах мы пакліканы глыбей усвядоміць, што ад нас патрабуецца не выкананне пэўных рытуалаў, а духоўнае пакланенне Богу.

Што мая малітва, такая сціплая ў параўнанні з урачыстым набажэнствам у касцёле, можа суправаджаць іншых людзей — і тых, якія побач са мною, і тых, якія далёка.

— Як чалавеку могуць дапамагчы звязаныя з пандэміяй абмежаванні (у перамяшчэнні, асабістых зносінах)?

— У нашай дыяцэзіі [архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, Расія] мы ўвялі вельмі істотныя абмежаванні касцёльнага жыцця, ажно да адмены публічных набажэнстваў у Маскве і Пецярбургу, дзе абмежаваць колькасць людзей на Імшы аб’ектыўна практычна немагчыма.

Галоўная мэта гэтай меры — абараніць вернікаў, членаў іх сем’яў і іншых людзей ад небяспечнай інфекцыі, якая, як паказаў міжнародны вопыт, — на жаль, вельмі трагічны, — вельмі актыўна распаўсюджваецца ў касцёльным асяроддзі.

— Ці магчыма і патрэбна выправіць гэта духоўнымі сродкамі? Што рабіць?

— Супрацьпастаўляць духоўнае і матэрыяльнае, асабліва ў гэтай сітуацыі, — у корані няправільна.

Напрыклад, калі я, каб прадухіліць распаўсюджванне хваробы, абмяжоўваю кола сваіх зносін, нават рызыкуючы страціць працу, — гэта не проста «медыцынская» мера, а канкрэтнае выкананне запаведзі любові да бліжняга. І наадварот: калі я па нейкіх прычынах гатовы ігнараваць асабістую рызыку заражэння, то я не маю права ігнараваць сацыяльную рызыку — магчымыя негатыўныя наступствы гэтага для іншых людзей.

Гэта не проста адсутнасць адказнасці, а наўпрост парушэнне пятай Божай запаведзі «Не забівай».

Наогул, вера і духоўнасць найлепш выяўляюцца не ў вялікіх учынках, а ў простых і канкрэтных справах.

Абноўлена 31.03.2020 12:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.