Пошук

27.03.2020 13:28   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: andina.pe

Нягледзячы на штодзённую пагрозу, яны дапамагаюць патрабуючым. У рэгіёне Бергама ў Італіі 13 законніц, якія належалі да Інстытута Сясцёр Убогіх, аддалі сваё жыццё на першай лініі барацьбы з эпідэміяй.

«Шмат нашых сясцёр, якія працуюць сярод хворых, знаходзяцца цяпер на каранціне, каб не заразіцца. Падобная сітуацыя і ў іншых супольнасцях, якія працуюць у шпіталях і дамах апекі», — прыводзіць польская рэдакцыя парталу Vaticаn News словы сястры Карлы Ф’ёры, якая сама зараз пераносіць каранцін.

Правінцыйная настаяцельніца Інстытуту Сясцёр Убогіх у рэгіёне Ламбардыі, які з’яўляецца эпіцэнтрам эпідэміі ў Італіі, адзначае, што дамы законніцкіх супольнасцяў стараюцца, між іншым, браць да сябе пацыентаў перапоўненага да межаў шпіталя Яна ХХІІІ у Бергама. З гэтай мэтай яны прымаюць у сябе хворых у лягчэйшым стане. Штодзень у рэгіёне гэтая супольнасць апякуецца шпіталем, двума дамамі састарэлых і прытулкам для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

«Мы страцілі ўжо 13 сясцёр, а таксама шмат нашых падапечных, галоўным чынам пажылых людзей.

Учора памерла сястра Кастанціна Раньёлі, якая да канца служыла ў шпіталі. Гэта вельмі цяжкія хвіліны, калі мы звяртаемся да нашай харызмы: прымаць і лячыць хворых нават коштам уласнага жыцця», — дадае настаяцельніца.

«Практычна кожны дзень мы атрымліваем інфармацыю пра смерць лекараў і санітарак. Ведаем, што ў рэгіёне Бергама памерла шмат сясцёр законных і як мінімум 20 святароў. У нас ёсць інфармацыя пра шматлікія заражэнні ў розных супольнасцях, — кажа с. Карла Ф’ёры. — Мы молімся адзін за аднаго і падтрымліваем, дадаем адзін аднаму сілы, каб быць побач з людзьмі, якія моцна пакутуюць у гэтай сітуацыі.

Я хацела б асабліва ўзгадаць адважнага капелана вязніцы, які памёр у панядзелак. Ксёндз Фаусто Рэсміні зусім не шкадаваў сябе і ў цяжкія хвіліны быў таксама побач з бяздомнымі. Калі ён заразіўся, то казаў, што цешыцца таму, што мог да канца служыць убогім і патрабуючым. Яму было толькі 67 гадоў. Ён быў сапраўды святаром „апошніх“, яго прыклад для нас вельмі моцны».

Законніца нагадвае, што шэсць сясцёр з яе супольнасці аддалі жыццё ў мінулыя гады, змагаючыся з вірусам ліхаманкі эбола у Афрыцы.

«Наш заснавальнік благаслаўлёны Луіджы Марыя Палаццола казаў, што мы мусім мець вялікае сэрца і быць даступнымі, несці дапамогу людзям паўсюль там, дзе найцяжэй. Іншымі словамі, мы павінны быць побач з церпячым чалавекам заўсёды на першай лініі», — падкрэслівае сястра Карла.

Абноўлена 27.03.2020 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа