Напрыканцы мінулага тыдня Генеральны пракурор штату Агаё ў ЗША пастанавіў прыпыніць аказанне паслугаў у дзвюх абортных клініках, якія належаць да стуктуры Planned Parenthood.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, нягледзячы на выдадзеныя раней інструкцыі ўладаў штату ў сферы аховы здароўя, якія ва ўмовах пандэміі адмянілі «ўсе неістотныя або планавыя аперацыі і працэдуры з выкарыстаннем сродкаў індывідуальнай абароны», у абартарыях у Дэйтане і Цынцынаці працягвалі праводзіць і прапаноўваць «паслугі» па перарыванні цяжарнасці.
У пастанове пракурор нагадаў, што Дэпартамент аховы здароўя штату Агаё распарадзіўся абмежаваць аказанне некаторых медыцынскіх паслуг дзеля таго, каб дапамагчым тым, хто вядзе барацьбу з пандэміяй COVID-19, «а таксама з мэтаю забеспячэння крызісных шпітальных здольнасцяў і рэзерваў».
Пасля атрымання скаргі на клінікі Planned Parenthood, якія працягвалі праводзіць і прапаноўваць хірургічныя аборты, Офіс Генеральнага пракурора заклікаў іх неадкладна спыніць правядзенне неістотных і планавых хірургічных абортаў. «Неістотныя хірургічныя аборты — гэта тыя, якія можна адкласці без празмернай рызыкі для цяперашняга або будучага стану здароўя пацыента», — растлумачана ў пастанове.
Нягледзячы на гэта, прыхільнікі абортаў сцвярджаюць, што «аборты — гэта істотны элемент комплекснай аховы здароўя». Яны лічаць, што «наступствы немагчымасці правядзення аборту маюць глыбокі ўплыў на жыццё, здароўе і самаадчуванне чалавека».
Абаронцы жыцця нагадваюць, што, нягледзячы на пандэмію COVID-19, абартарыі ва ўсім свеце застаюцца адкрытымі, а прадстаўнікі абортнага бізнесу і заканадаўцы ў многіх краінах імкнуцца ў гэты час нават павялічыць даступнасць абортаў.
У шэрагу выпадкаў замест хірургічнага аборту прапануюцца абортныя таблеткі, якія можна замовіць у сеціве і атрымаць на дом з дапамогаю кур’ера.