Пошук

19.03.2020 10:40   Тэкст: Elise Ann Allen / Паводле: cruxnow.com / Catholic.by
Фота: thepublicsradio.org

На фоне распаўсюджвання каранавірусу ў Італіі Папа Францішак у нядзелю высока ацаніў «творчасць» святароў, якія, нягледзячы на прыпыненне масавых мерапрыемстваў і сур'ёзныя абмежаванні на перамяшчэнне, знаходзяць унікальныя і эфектыўныя спосабы быць са сваім народам. Ксёндз Джузэпэ Карбары, пробашч парафіі святых Квірыка і Юліты ў Раб’яна на ўскраіне Мілана ў італьянскім рэгіёне Ламбардыя, які знаходзіцца ў эпіцэнтры выбуху вірусу, сапраўды можа патрапіць у гэтую катэгорыю.

Калі каранавірус выбухнуў у Ламбардыі ў мінулым месяцы, святар быў вымушанны прыпыніць ўсе Імшы, аднак хацеў знайсці спосаб быць са сваімі 5500 парафіянамі, нават калі тыя не маглі фізічна прысутнічаць на Эўхарыстыі.

Ксёндз Карбары распавёў рэдакцыі Crux, што неўзабаве пасля таго, як Імшы былі прыпыненыя, «узнікла неабходнасць, па меншай меры, пабачыць твары людзей у маёй парафіі, таму што цэлебраваць Імшу, гледзячы на пустыя лавы, было сумна».

Ён апублікаваў заклік праз Telegram да вернікаў выслаць яму свае фатаграфіі і сэлфі, каб ён мог размясціць іх на лавах касцёла.

Святар паведаміў, што атрымаў каля 100 фотаздымкаў, на якія цяпер глядзіць кожны раз, калі цэлебруе Імшу.

Праз некалькі дзён яго ўчынак набыў папулярнасць. Фатаграфіямі падзяліліся на Facebook, а агенцтвы навін з Італіі і з-за мяжы сталі тэлефанаваць, каб пачуць гэтую гісторыю.

«Я атрымліваю сотні паведамленняў ад вернікаў і тэлефонных званкоў з усёй Італіі», — сказаў святар, дадаўшы, што «па-сапраўднаму ўражаны рэхам, які гэта выклікала» як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.

Фота: cruxnow.com

Гаворачы пра апладысменты Папы Францішка за пастырскую «творчасць» на фоне выбуху вірусу, якія прагучалі падчас яго нядзельнага звароту на малітве «Анёл Панскі», кс. Карбары паведаміў, што не ведае асаблівасцяў таго, пра што казаў Пантыфік. Але навіна аб яго ініцыятыве распаўсюдзілася за некалькі дзён да выступу пастыра паўсюднага Касцёла, таму святар не выключае, што Святы Айцец быў праінфармаваны аб гэтай ініцыятыве і, магчыма, меў на ўвазе яе.

Па нядзелях у парафіі, пробашчам якой з’яўляецца гэты святар, таксама праходзяць Імшы, якія вернікі могуць глядзець анлайн, а штодзённыя Імшы перадаюцца па мясцовай парафіяльнай радыёстанцыі.

«Людзі таксама хочуць прысутнічаць як супольнасць, як парафія, нават калі кожны з іх дома», — адзначыў пробашч, дадаўшы, што не ведае пра каранавірусныя інфекцыі сярод сваіх вернікаў, але моліцца за іх, бо эпідэмія працягваецца.

«Як чалавек, я жыву з тым жа трымценнем, што і яны: страх заразіцца вірусам, гэта бясспрэчна»,

— сказаў ён, падкрэсліўшы, што выконвае ўсе неабходныя меры, каб не заразіцца вірусам і не перадаць яго.

Пробашч дадаў, што будучы святаром звяртаецца да малітваў і Імшы «як да сур'ёзнай крыніцы сілы», як для сябе, так і для сваёй парафіі, па меры таго, як працягваецца няўпэўненасць і страх.

«Нават без фізічнай прысутнасці вернікаў я маю зносіны з Касцёлам. Калі я малюся, то малюся, адчуваючы прысутнасць вернікаў, таму малюся з імі і за іх. Я імкнуся ствараць блізкасць з імі», — заўважыў святар і дадаў, што сацыяльныя сеткі цяпер з'яўляюцца добрым сродкам для зносін з парафіянамі.

Абноўлена 20.03.2020 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа