З 8 сакавіка ў Італіі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу дзейнічае распараджэнне рады міністраў, у адпаведнасці з якім на ўсёй тэрыторыі краіны прынамсі да 3 красавіка забараняецца правядзенне любых «грамадзянскіх і рэлігійных цырымоній, у тым ліку пахавальных».
Гэта вымушаная абмежавальная мера, якую Касцёл у Італіі прымае і адказвае гатоўнасцю супрацоўнічаць з уладамі ў гэтую цяжкую для краіны хвіліну. Вернікі ад гэтага церпяць, але такім коштам робяць свой унёсак у ахову здароўя людзей. Так, паводле інфармацыі італьянскай рэдакцыі парталу Vatican News, акрэслівае сітуацыю Італьянская біскупская канферэнцыя.
У гэтым надзвычайным становішчы італьянскія дыяцэзіі і парафіі адносяцца да ўсіх людзей як да сваіх бліжніх, падзяляючы іх заклапочанасць і разам з урадавымі мерамі прадпрымаючы самастойныя крокі для спынення распаўсюджвання эпідэміі.
У паведамленні італьянскага епіскапату гаворыцца, што распараджэнне рады міністраў датычыцца цэлебрацыі святых Імшаў і пахавальных абрадаў. Гэта вельмі жорсткія меры, прыняць якія пастырам, святарам і вернікам вельмі цяжка.
Згадзіцца на іх магчыма толькі пры ўсведамленні таго, што толькі так у гэтую хвіліну выпрабавання можна зрабіць свой асабісты ўнёсак у справу аховы здароўя людзей.
«Давайце зробім гэта, каб усім разам даць адпор гэтай сітуацыі. Няхай страх не дасць нам разгубіцца», — сказаў СМІ Старшыня Італьянскай біскупскай канферэнцыі кардынал Гуалцьеро Басэцці.
9 сакавіка Папа Францішак у капліцы Дома святой Марты цэлебраваў святую Імшу за ўсіх хворых на каранавірус. Пантыфік пажадаў, каб у гэты дзень і ў наступныя адбывалася прамая трансляцыя цэлебрацый, каб такім чынам падкрэсліць сваю блізкасць да ўсіх, хто так ці інакш церпіць з-за эпідэміі.
Падчас святой Імшы ў аўторак Святы Айцец заклікаў маліцца за заражоных каранавірусам, за тых, хто імі апякуецца, за ўсе службы аховы здароўя, а таксама за святароў, каб іх падтрымлівалі.
«Будзем працягваць разам маліцца за хворых, за службу аховы здароўя. Шмат людзей церпяць ад гэтай эпідэміі.
Папросім Пана Бога таксама за святароў, каб яны мелі адвагу выйсці з дома і наведаць хворых, каб занесці ім Божае слова і святую Камунію, а таксама каб яны падтрымлівалі медыцынскіх работнікаў, валанцёраў у той працы, якую яны выконваюць», — сказаў Папа Францішак.