Пошук

27.02.2020 14:20   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: twitter.com/jasnagoranews

22 лютага быў падпісаны дакумент Апостальскай Пенітэнцыярыі, якім Папа Францішак надаў прывілей поўнага адпусту in perpetuo — «на вечныя часы» — для ўсіх вернікаў, якія наведваюць санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай у Польшчы.

Як зазначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэта дар Святога Айца ў адказ на просьбу айцоў паўлінаў, якія апякуюцца санктуарыем у Чэнстахове. Манахі скіравалі яе Пантыфіку дзеля духоўнага дабра мільёнаў пілігрымаў, якія наведваюць цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, у тым ліку і з Беларусі, дзе таксама шырока распаўсюджаны культ «Чорнай Мадонны» з Яснай Гары.

Магчымасць атрымаць адпуст ёсць у мностве санктуарыеў ва ўсім свеце, аднак зазвычай яна звязана з пэўнай гадавінай або юбілеем, як, напрыклад, у выпадку адпусту, які цяпер можна атрымаць у Мінска-Магілёўскім архідыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне.

Магчымасць атрымання адпусту на вечныя часы без неабходнасці яго аднаўлення стала асаблівай прывілеяй, нададзенай польскаму санктуарыю на Яснай Гары.

Як падкрэсліў Генеральны настаяцель ордэна паўлінаў айцец Арнольд Храпкоўскі, нагодаю для звароту ў Апостальскую Пенітэнцыярыю стаў «клопат пра духоўнае дабро кожнага пілігрыма, што прыбывае да Маці Божай, каб ён мог карыстацца тым вялікім багаццем Касцёла, якім з’яўляецца ласка адпусту».

У санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай можна атрымаць поўны адпуст на звычайных умовах. Для гэтага трэба быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца. Да гэтых умоваў неабходна дадаць наведванне санктуарыя на Яснай Гары ў форме пілігрымкі, а таксама малітву аб вернасці хрысціянскаму пакліканню народа з просьбай новых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама ў інтэнцыі абароны інстытуту сям’і.

Генерал паўлінаў падкрэслівае асаблівую важнасць гэтых інтэнцый, бо яны нагадваюць пра асаблівае значэнне санктуарыя ў Чэнстахове для польскіх хрысціянаў, а таксама пра неабходнасць нястомна маліцца аб новых пакліканнях і за сям’ю, якая сёння перажывае крызіс.

Як паведамляецца, дарам адпусту ў выключных сітуацыях могуць скарыстацца і тыя, хто з-за цяжкай хваробы, пажылога ўзросту ці з іншай сур’ёзнай прычыны павінен заставацца дома і не можа наведаць санктуарый, але пры гэтым выразіць такое жаданне і будзе маліцца перад любым абразом Маці Божай Чэнстахоўскай.

Дакумент Апостальскай Пенітэнцыярыі з дарам поўнага адпусту на вечныя часы быў перададзены ў санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай увечары 26 лютага падчас традыцыйнага набажэнства Яснагорскага апэля.

Абноўлена 27.02.2020 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця