Пошук

24.02.2020 13:36   Пераклад і адаптацыя: Кс. Аляксандр Улас / catholicnewsagency.com / Catholic.by
Фота: AFP

Французскія чыноўнікі спадзяюцца, што частка комплексу Нотр-Дам-дэ-Пары, а таксама крыпта катэдры будуць зноў адкрыты прыкладна праз год пасля таго, як агонь знішчыў дах і вялікую частку інтэр'ера святыні.

Эмануэль Грэгуар, намеснік мэра Парыжа, сказаў, што частка комплексу і крыпта катэдры павінны адкрыцца бліжэй да лета ў тым выпадку, «калі ўсё пойдзе добра».

Афіцыйныя асобы таксама паведамілі «Нью-Ёрк Таймс», што святыня і прылеглая тэрыторыя да гэтага часу застаюцца зачыненымі з-за забруджвання свінцом са згарэлага даху і шпіля, якія абрынуліся ў выніку пажару.

Паводле інфармацыі францускага ўраду, атрыманай газетай «Нью-Ёрк Таймс», узроўні свінцу паблізу Нотр-Дама пасля пажару былі ў 1300 разоў французскага ўзроўню бяспекі, а на іншых прылеглых тэрыторыях узроўні свінцу былі ў 955 разоў вышэй за ўзровень бяспекі.

«Відавочна, што гэта будзе залежаць ад таго, ці будзе гэтае месца належным чынам ачышчана, але мы рэгулярна праводзім праверкі свінцу», — сказала Карэн Тайеб, намеснік мэра Парыжа. Калі ўсё пойдзе добра, дадала яна, частку комплексу і крыпту можна будзе адкрыць для наведвання ўжо ў канцы сакавіка.

15 красавіка мінулага года пажар пачаўся ў цэнтры даху катэдрыі знішчыў амаль увесь будынак, перш чым яго патушылі.

Да пажару Нотр-Дам штогод прымаў больш за 12 мільёнаў наведвальнікаў.

Падчас пажару на даху праводзіліся аднаўленчыя працы, і, як у наступныя месяцы заявілі супрацоўнікі пажарнай службы, яны лічаць, што прычынай пажару была няспраўнасць пры электрычных працах альбо кінутая кімсьці з працаўнікоў недакураная цыгарэта.

Большая частка касцёльных і мастацкіх каштоўнасцяў, у тым ліку Найсвяцейшы Сакрамэнт і рэліквія цярновага вянка, былі выратаваны падчас пажару дзякуючы прадуманай стратэгіі выратавання, створанай менавіта для такіх надзвычайных сітуацый.

Фота: AFP

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паабяцаў аднавіць славутую катэдру на працягу пяці гадоў пасля пажару, амаль мільярд даляраў было абяцана на аднаўленне ад прыватных ахвярадаўцаў.

Улетку мінулага года французскі ўрад прыняў законапраект, які ўстанаўлівае парадак размеркавання сродкаў на рэстаўрацыю, хоць спрэчкі аб тым, ці будзе Нотр-Дам адноўлены ў ранейшым выглядзе, працягваюцца.

З моманту прыняцця ў 1905 годзе закона аб аддзяленні Касцёла ад дзяржавы, які фармалізаваў строгую форму афіцыйнага секулярызму, рэлігійныя будынкі ў Францыі сталі ўласнасцю дзяржавы.

Абноўлена 24.02.2020 14:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця