Сёлета, з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Фэдэрыко Фелліні, некалькі каталіцкіх устаноў падрыхтавалі праект, мэта якога паказаць асабістую веру гэтага славутага італьянскага рэжысёра і рэлігійную тэматыку ў ягоных фільмах.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ са спасылкай на Vatican News, ініцыятарамі праекту пад назвай «Маю патрэбу верыць. Фэдэрыко Фелліні і сакрум» выступілі Папскі Салезіянскі ўніверсітэт, Інстытут рэлігійных навук імя Альбэрто Марвэллі і Цэнтр культуры імя Паўла VI у Рыміні. Ініцыятыва рэалізуецца ў супрацоўніцтве з кінакрытыкамі, навукоўцамі і сябрамі творцы.
Мерапрыемствы, прысвечаныя Фелліні, пройдуць у Рыміні, дзе ён нарадзіўся 20 студзеня 1920 года, і ў Рыме, дзе адышоў у вечнасць 31 кастрычніка 1993 года. На 7 сакавіка ў горадзе-курорце на Адрыятыцы запланаваны сімпозіум «Дзяцінства свету», а праз два тыдні ў Вечным горадзе спецыялісты паразважаюць над пытаннем «Дзе Бог?» Першае мерапрыемства будзе прысвечана дзяцінству і маладосці Фэдэрыко Фелліні, а на другім удзельнікі паспрабуюць прадставіць рэлігійную тэматыку ў творах рэжысёра.
У падрыхтоўку і правядзенне абодвух мерапрыемстваў уключыліся студэнты навучальных устаноў, якія выступаюць іх арганізатарамі, пад кіраўніцтвам Папскай рады па культуры і яе Старшыні кардынала Джанфранко Равазі.
У размове з Ватыканскім радыё кс. прафесар Рэнато Буфэра, выкладчык гісторыі кіно на кафедры камунікацыйных навук Салезіянскага ўніверсітэта і адзін з ініцыятараў праекту, нагадаў, што вялікі ўплыў на веру будучага рэжысёра аказалі ў дзяцінстве ягоныя бацькі.
Маці Фэдэрыко, Іда Барбьяні, была пабожнай каталічкай, а бацька развіў у ім падыход да «дыялогу паміж „жаночай“ пабожнасцю і больш скептычнай, левай, сацыялістычнай у рымскім кантэксце», — адзначыў італьянскі салезіянін.
Ён дадаў, што малады Фелліні атрымаў добрае хрысціянскае выхаванне разам з сакрамэнтамі, практыкаваў і развіваў разам са сваімі сябрамі адчуванне Бога і рос у «вельмі добрай пабожнасці, як і многія іншыя».
Пазней, пасля пераезду з роднага Рыміні ў Рым, яго падыход да веры крыху змяніўся. У сталіцы Фелліні стаў журналістам, карыкатурыстам, сцэнарыстам і, нарэшце, рэжысёрам, маючы побач незвычайную асобу, таксама і з рэлігійнага пункту гледжання, якая пазней стала яго жонкай — Джульету Мазіну.
Яго цікавасць да веры і патрэба верыць узрастаюць, і гэта прыводзіць яго да лепшага абгрунтавання і пазнання таямніцы. На думку кс. Рэнато Буфэры, гэтаму паспрыялі чытанне прац Юнга і кантакты з Густаво Ролем, вядомым тагачасным мысляром і мастаком, які адзначаўся асаблівай успрымальнасцю. Гэта і прывяло рэжысёра да публічнага вызнання: «Я маю патрэбу верыць», — падкрэсліў прафесар гісторыі кіно.
Ён таксама пракаментаваў заўвагу адносна таго, што ў сваіх фільмах Фелліні нярэдка паказваў рэлігію з іроніяй, экстравагантна. Многія лічылі яго падыход поўным стэрэатыпаў, што нават выклікала крытыку яго фільма «Салодкае жыццё» (La dolce vita) на старонках ватыканскага штотыднёвіка L’Osservatore Romano у 1960 годзе.
На думку святара, даючы ацэнку фільмам Фелліні, неабходна перадусім улічваць тое, што зыходным пунктам у іх быў глыбокі духоўны пошук і што ён часта звяртаўся да рэлігійных і духоўных пытанняў.
Гэта асабліва добра прасочваецца ў трох яго фільмах, якія часам называюць «трыядай ласкі адкуплення»: «Дарога» (La Strada), «Махляры» (Il bidone) і «Ночы Кабірыі» (Le notti di Cabiria). Прафесар Рэнато Буфэра зазначыў, што гэтым стужкам уласціва вельмі моцнае адчуванне Бога, Яго прысутнасць, значэнне прабачэння і перамены.
Спецыяліст лічыць, што нешта падобнае адбываецца і ў фільме «Салодкае жыццё», які выклікаў «тое непаразуменне» ў ватыканскім штотыднёвіку, і які многія тагачасныя каталіцкія кінакрытыкі ў цалкам іншай грамадскай і культурнай рэчаіснасці не маглі прыняць.
Але ўжо тады былі католікі, у тым ліку і святары, якія зразумелі пасыл таго фільму: жыццё на раздарожжы паміж імкненнем да мізэрнасці і патрэбаю ў чымсьці больш глыбокім у буржуазным і арыстакратычным рымскім асяроддзі, якое таксама змяняецца ў выніку эканамічнага буму тых часоў, адзначыў прафесар Салезіянскага ўніверсітэта.
Ён звярнуў увагу на тое, што пасля гэтага рэжысёр стаў крыху цынічным і іранічным у адносінах да Касцёла і яго афіцыйных прадстаўнікоў, што асабліва праявілася ў такіх яго фільмах, як «Тры крокі ў шаленстве» (Tre passi nel delirio), «Бакаччо-70» (Boccaccio ’70), «Сатырыкон» (Satyricon), а таксама «Восем з паловай» (Otto e mezzo).
Але разам з іроніяй і дыстансаванасцю ў іх адначасова з’яўляецца сімпатыя і павага да Касцёла, а потым у творчасці Фелліні адбываецца вяртанне да сакральнага, пачынаючы з «Джынджэр і Фрэд» (Ginger e Fred) і заканчваючы «Голасам Месяца» (La voce della Luna).
Завяршаючы сваё інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, кс. Рэнато Буфэра выказаў упэўненасць у тым, што цяпер, амаль праз 27 гадоў пасля смерці Фэдэрыко Фелліні, можна сказаць, што справы веры і духоўнага пошуку адыгрывалі важную ролю ў яго творчасці, што ён шукаў сэнс жыцця, адчуванне Бога, і, «напэўна, яго знайшоў».
Фэдэрыко Фелліні — адзін з найбольш вядомых у свеце кінарэжысёраў, які зняў больш за 20 фільмаў. Практычна ўсе яго стужкі адразу станавіліся вельмі папулярнымі і ўвайшлі ў залаты фонд сусветнага кіно. Чатыры яго фільмы былі ўзнагароджаны прызам амерыканскай кінаакадэміі «Оскар» як лепшыя замежныя фільмы, а пятую статуэтку славуты рэжысёр атрымаў незадоўга да смерці як знак прызнання ўсёй яго творчасці.