Пошук

19.07.2024 10:42   Паводле: Deon.pl / Catholic.by
Фота: Vatican News PL

На час свайго адпачынку Папа Францішак ператварыў папскую залу Паўла VI у гульнявую пляцоўку.

Як са спасылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ і Vatican News паведаміў 18 ліпеня сайт Deon.pl, з вялікага памяшкання ў Ватыкане, дзе Святы Айцец звычайна праводзіць агульныя аўдыенцыі, былі прыбраныя ўсе крэслы, і цяпер дзеці там бавяцца на надзіманых горках, гуляюць у настольны футбол і збіраюць вялізныя кубікі Lego. Таксама ёсць сцэна, дзе ідуць спектаклі. Атрыюм ператварылі ў сталовую, дзе малыя збіраюцца на супольныя сняданкі, абеды і падвячоркі.

Кожнае лета ў Ватыкане праводзіцца летнік для дзяцей ад 5 да 13 гадоў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць час у басейне і на спартыўных пляцоўках каля Ватыканскіх музеяў, дзе ёсць, між іншым, тэнісны корт, баскетбольная і футбольная пляцоўкі. Гульні і забавы таксама былі арганізаваныя ў Ватыканскіх садах. Аднак удзень там стаіць моцная спякота, таму некаторыя атракцыёны перанеслі ў Залу Паўла VI. Дзеці ідуць па следзе вандроўных рыцараў, развіваюць высакароднасць сэрца і вучацца спагадлівасці да слабых і патрабуючых.

Адной з сёлетніх цікавостак у летніку стане падрыхтоўка летняга выпуску штодзённай ватыканскай газеты L’Osservatore Romano. Пад пільным вокам дырэктара Андрэа Монды, рэдактараў і графічных дызайнераў дзеці вучацца пісаць тэксты, фатаграфаваць і ўкладаць з іх матэрыялы газеты. У гэтым дзіцячым выданні будуць змешчаны таксама малюнкі юных журналістаў.

Як штогод, з дзецьмі сустрэўся Папа Францішак.

Ён прыйшоў да іх раніцай, калі спякота яшчэ не была моцнай. Святы Айцец агледзеў пляцоўку, падрыхтаваную на ватыканскія канікулы, а потым паразмаўляў з удзельнікамі летніка. Папа казаў дзецям, між іншым, пра значэнне бацькоў у аднаўленні свету і ўзгадаў пра тое, як сам праводзіў канікулы ў сваіх бабулі і дзядулі ў Аргенціне.

Пантыфік таксама гаварыў з дзецьмі пра важнасць прымірэння і параіў ім: «Ніколі не кладзіцеся спаць у сварцы». Напрыканцы разам з дзецьмі Папа Францішак выпусціў у неба рознакаляровыя паветраныя шары, на якіх былі напісаныя яго словы: «Дарагая дзяўчынка, дарагі хлопчык: ты каштоўны ў вачах Бога».

Фота: Vatican News PL

Ватыканскія летнікі з’яўляюцца ўжо традыцыяй і штогод арганізуюцца для дзяцей супрацоўнікаў Ватыкана. Дзецьмі займаюцца 35 аніматараў, задача якіх — творча напоўніць час малых. У арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць салезіяне і сёстры салезіянкі, харызма якой уключае клопат пра маладыя пакаленні па прыкладзе святога Ян Боско.

Ватыканскі летнік праходзіць у духу папулярных у Італіі араторыяў.

Законнікі падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не толькі пра адпачынак на канікулах, але і пра тое, каб за гэты час чамусьці навучыцца, а перш за ўсё, каб кожнае дзіця адчула, што Езус — яго сябар сярод розных гульняў і заняткаў.

«Дзіцячае лета» распачалося ў Ватыкане 17 чэрвеня, у дзень пачатку школьных канікул у Італіі, і будзе доўжыцца да 26 ліпеня. Праект арганізаваны і фінансуецца Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан. Летнік — гэта вялікая дапамога для бацькоў на працягу трох месяцаў летніх канікулаў.

Абноўлена 19.07.2024 10:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.