
У чэрвені для дзяцей парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) быў арганізаваны летнік «Канікулы з Богам».
Насычаную праграму летніка, у якім узялі ўдзел каля 50-і маленькіх парафіянаў, падрыхтавалі сястра Наталля Урбановіч, катэхетка Кацярына Амірсардары, аніматары Паліна Ручан і Ангеліна Сарока. Паводле задумы, у летніку дзеці дзень пры дні ішлі праз Марыю да Езуса.
Удзельнікі былі падзеленыя на чатыры групы з арыгінальнымі назвамі: «Нябесны спецназ», «Божыя кветачкі», «Вітамінкі» і «Нябесная варта».
Дарослым дапамагалі старэйшыя дзеці, удзельнікі летніка: Даніла, Вацлаў, Аляксей, Антон, Бажэна, Ганна, Дзіяна, Вікторыя, Дар’я і Валерыя. Яны ўпершыню самі паспрабавалі быць аніматарамі.

«На пачатку, у самы першы дзень, было складана прыдумаць занятак для дзяцей: толькі пазнаёміліся, не ведалі, хто чым цікавіцца. Але ў нашай групе былі дзеці паслухмяныя і вясёлыя.
Кожны дзень быў насычаны, цікавы і… нялёгкі, але мне ўсё ж спадабалася быць аніматарам. Гэта весела і здорава. Я адчуў сябе самастойным. Аніматар — гэта супер! У апошні дзень было сумна развітвацца з „Канікуламі з Богам“ і дзецьмі», — падзяліўся ўражаннямі Даніла пасля заканчэння летніка.
Дзіяна дапоўніла яго: «Аніматарства зрабіла мяне больш адказнай. Спачатку было цяжкавата, але пасля ўсё наладзілася. Дзеці цудоўныя, вялі сябе добра. Хочацца зноў на „Канікулы з Богам“!»

З самай раніцы аніматары размяркоўвалі ролі і абавязкі, абмяркоўвалі планы, потым маліліся, сустракалі меншых удзельнікаў летніка, праводзілі з імі гульні ці размовы. Між тым дзень ішоў сваім парадкам: а 9-й гадзіне адбывалася фізкультхвілінка, падчас якой пад музыку ўсе дружна танцавалі і займаліся спортам. Пасля — малітва і сняданак, які заканчваўся таксама малітвай.
Божая скіраванасць у гэтыя дні была на першым плане.
Змястоўныя і цікава падрыхтаваныя катэхезы збіралі дзяцей у касцёле. Малыя слухалі аповеды пра жыццё Панны Марыі і Езуса Хрыста, расказвалі самі, што ведалі пра Бога, вучыліся пісаць інтэнцыі, якія зачытвалі штодзень перад Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
Дарэчы, правільна і прыгожа ўкладаць інтэнцыю да канца летніка навучыліся нават дзеці, якія яшчэ не ўмеюць пісаць: «Прашу за кожнага аніматара, сястру Наталлю, Кацярыну Мечыславаўну, ксяндза Ігара і ўсіх жанчын, якія гатавалі ежу. Люблю Цябе, Езу»; «Дзякую Табе, Езу, за самую лепшую сям’ю, за гэтыя „Каніулы з Богам“, малюся за здароўе ўсіх удзельнікаў»; «Малюся, каб людзі не траплялі ў пекла»; «Малюся, каб мая мама была здаровай, каб Бог дапамагаў людзям у іх нягодах», — такія і падобныя просьбы ўзносілі дзеці да Бога.

Апоўдні спецыяльна для дзяцей пробашч парафіі ксёндз канонік Ігар Лашук цэлебраваў святую Імшу.
Дзеці прыслугоўвалі пры алтары, чыталі чытанні і малітву вернікаў, уважліва слухалі казанне на тэму кожнага дня летніка, падносілі дары святару, прымалі Камунію і благаслаўленне.
Трэці дзень «Канікул з Богам» стаў для ўдзельнікаў летніка «Днём служэння на падабенства Марыі». Дзяцей натхняў прыклад Маці Божай, калі Яна прыйшла да Альжбеты, каб служыць ёй. На працягу гэтага дня хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі розную работу: чысцілі бульбу, мылі посуд і падлогу, праціралі пыл у капліцы, палівалі кветкі, падмяталі памяшканні і сцежкі. У кожнай групы было сваё заданне, якое дзеці выконвалі з асаблівым стараннем і жаданнем. Пасля іхняга «служэння» ўсё набывала новы акуратны выгляд.

У гэты дзень і дары на святой Імшы былі своеасаблівыя, звязаныя са служэннем: «Мяч і скакалка — як яны нам служаць падчас канікулаў, навучы, Пане, і нас служыць нашым бліжнім»; «Свечка — як яна ззяе сярод цемры, так і Ты, Пане, асвятляй шлях у нашым жыцці»; «Свісток — для ўвагі і паслухмянасці, навучы, Пане, нас заўсёды быць паслухмянымі»; «Хлеб, віно, вада — як гэтыя дары ператворацца ў Твае Цела і Кроў, так Ты, Пане, ператварай нашае жыццё на лепшае».
Удзельнікі летніка з апетытам абедалі пры агульным стале: елі плоў, прыгатаваны ў казане на адкрытым агні, смачныя катлеткі з бульбяным пюрэ і салатай з капусты, ласаваліся пончыкамі з какао і свежымі трускаўкамі, а на заканчэгнне абеду вельмі гучна дзякавалі Богу і паварам.
Пасля ўступнай інтэграцыі ў групах праходзіла так званая «Вялікая гульня», падчас якой дзеці мелі магчымасць заняцца творчасцю, паўдзельнічаць у настольных гульнях і конкурсах.

На заканчэнне кожнага дня падводзіліся яго вынікі. Дзеці мелі магчымасць выказацца, нешта прапанаваць, штосьці ўдакладніць. З сястрой Наталляй маліліся на заканчэнне дня, з аніматарамі Палінай і Ангелінай спявалі песні і гучна крычалі: «Хвала Хрысту! Да заўтра!»
За канікулы дзеці прайшлі разам з Марыяй ад Звеставання да адшукання дванаццацігадовага Езуса ў святыні.
Дзеці і іх бацькі былі вельмі задаволены тым, як прайшоў летнік. Яны шчыра дзякавалі яго арганізатарам на чале з ксяндзом пробашчам Ігарам Лашуком і выказвалі спадзяванне на тое, што зноў будуць мець магчымасць сустрэцца на чарговых «Канікулах з Богам».



















































