У ліпені група моладзі з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску (Віцебская дыяцэзія, Полацкі дэканат) разам са сваім пробашчам, ксяндзом Аляксандрам Грыцкевічам, ужо ў трэці раз праводзіла «Канікулы з Богам» у Браславе.
Адпачынак для душы і цела стаў для юнакоў і дзяўчат добраю нагодай таксама для таго, каб атрымаць новыя веды, змагацца з лянотай, удасканаліць беларускую мову, даведацца шмат цікавага пра родны край.
У Браславе верхнядзвінскую моладзь гасцінна прымалі ў сваім доме сёстры Эўхарысткі, якія зрабілі іх адпачынак вельмі ўтульным. Але ў кляштары сясцёр трэба было трымацца пэўных правілаў, адно з якіх — silentium, або, у перакладзе з лаціны, цішыня.
«Здаецца, простае слова, але яго так не хапае ў жыцці кожнага з нас. Мы заўсёды спяшаемся кудысьці, нягледзячы на прыгажосць навокал. Але можна пасля працы і іншых спраў выйсці вечарам на вуліцу, схадзіць у касцёл і правесці пэўны час у размове з Богам. Можна таксама схадзіць у тэатр, калі ёсць такая магчымасць, або ў музей, — апавядае пра свае ўражанні адна з удзельніц „Канікулаў з Богам“ Лера Мялешка. — Вось і нам пашчасціла наведаць гісторыка-краязнаўчы музей і музей традыцыйнай культуры. Мы не толькі пазнаёміліся з гісторыяй, але зразумелі, якая прыгожая ды мілагучная наша беларуская мова. Прыемна было бачыць у браслаўскім музеі працы нашай зямлячкі з Бігосава Галіны Тушкінай: яе карціны з бярозавай кары. Нам ёсць кім ганарыцца!» — лічыць дзяўчына.
Дзякуючы ксяндзу Аляксандру, які суправаджаў сваіх маладых парафіянаў падчас адпачынку, яны больш даведаліся аб моцы веры ў Бога. Адным з прыкладаў сапраўднага хрысціяніна стаў для моладзі герой фільма «Грэйхаўнд», які яны разам прагледзелі. У стужцы паказана гісторыя капітана карабля, які не згубіў веру і чалавечнасць падчас вайны.
Каб лепш адчуць перажыванні герояў фільма і зразумець іх, юнакі і дзяўчаты самі плавалі на байдарках і гулялі пад моцным ветрам каля возера.
Такім чынам яны імкнуліся глыбей акунуцца ў атмасферу фільма.
Пасля праведзеных «Канікулаў з Богам» у Браславе іх удзельнікі ўжо плануюць у наступным годзе зноў прыехаць сюды разам з малодшай групай парафіяльнай моладзі.
«А цяпер мы, як капітаны, далей вядзем свой карабель з моцнай верай у Бога, якая падтрымлівае нас у шторм і зацішша, праз вялікае мора пад назваю Жыццё», — кажа Лера Мялешка.